Музыка ў жывапісе і музыка ля ратушы. Новыя выставы

У выходныя 24–25 чэрвеня ў Мінску чакаецца адносна прахалоднае надвор’е, і нават магчымыя навальніцы, таму свой маршрут у вольны час разумна пракласці цераз памяшканні пад дахам.  Нагоду для гэтага даюць 3 выставы, што адчыніліся 22 чэрвеня.

Работы Сяргея Пісарэнкі

Работы Сяргея Пісарэнкі

Дзве з іх працуюць у Палацы мастацтваў (Казлова, 3) па 7 ліпеня (адначасова з яшчэ дзеючай калектыўнай выставай партрэту “Псіхалогія вобразу”).

Работы Сяргея Пісарэнкі

Работы Сяргея Пісарэнкі

Юбілейны, да 50-годдзя, паказ жывапісу Сяргея Пісарэнкі, як і ўсе юбілейныя выставы, — разгорнутае падсумаванне папярэдняга творчага шляху, збор твораў розных жанраў — краявідаў, партрэтаў, нацюрмортаў, твораў у жывапісе і акварэлі.

Сяргей Пісарэнкіа справа

Сяргей Пісарэнкіа справа

Меладычная рытміка ліній, мігценне контуру — чымсьці збліжае работы майстра з творчасцю Валерыя Шкарубы. Аднак, мяккасць паўтонаў, сваістая атмасферычнасць надае манеры Пісарэнкі іншы настрой. Больш мяккі, хіба больш лірычны і медытатыўны.

Адкрыццё выставы Сяргея Пісарэнкі

Адкрыццё выставы Сяргея Пісарэнкі

Жывапіс для эстэтыкі сузірання, але зусім без саладжавасці і расслабленасці. Музыка спакою душы. Магчыма, яна лепш за ўсё будзе адпавядаць трошкі дажджліваму надвор’ю за вакном.

Работы Сяргея Пісарэнкі

Работы Сяргея Пісарэнкі

Абсалютна слушная заўвага куратара пра настрой твораў майстра: “ўяўляецца, як з-за дрэва, з якога не паспеў апасці апошні ліст, з’явіцца Нарштэйнаўскі Вожык і распавядзе пра сваё чароўнае падарожжа праз межы двух светаў — рэальнага і незямнога”.

Сяргей Пісарэнка. Аўтапартрэт.

Сяргей Пісарэнка. Аўтапартрэт.

Магчыма, у стылістыцы жывапісу адбілася навучанне Сяргея Пісарэнкі на кафедры графікі Акадэміі мастацтваў, дзе дыплом ён выканаў у Васіля Шаранговіча.

batakova_matveenka.jpg

Іншую манеру наведвальнік сустрэне ў палотнах на таксама юбілейным паказе Тамары Батаковай-Матвеенка, дзе выстаўлены жывапісныя работы апошніх гадоў. Тут творы таксама насычаны рытмікай руху пэндзля, але больш размашыстай, моцнай, энергічнай. Гэта — адрозненне метаду мастака-манументаліста (вучылася ў Гаўрыіла Вашчанкі), схільнага да іншага фармату выяўлення. Вы ўбачыце ў асноўным краявіды з падарожжаў мастачкі ў Беларусі і Грузіі.

szvajba.jpg

Нарэшце, перамясціўшыся на Верхні горад, варта завітаць у галерэю з такой самай назвай: “Высокае мѣста”  (г. Мінск, вул. Герцэна, 2а), на экспазіцыю “Храм” Усевалада Швайбы (вучня Георгія Паплаўскага).

Адкрыццё выставы Усевалада Швайбы

Адкрыццё выставы Усевалада Швайбы

Адкрыццё выставы Усевалада Швайбы

Адкрыццё выставы Усевалада Швайбы

На жаль, вы не пачуеце медытатыўных мелодый у выкананні самога аўтара і лацінскіх кантаў камернага хору “Салютарыс”, што гучалі на вернісажы. Але адчуеце іх дух, увасоблены ў жывапісных і графічных (пераважна туш, пяро) работах аўтара. Асабліва ўражваюць апошнія — незвычайнай каліграфічнай дасканаласцю выканання, і зноў-такі — музычнай рытмікай. Увогуле, выстава “Храм” — расповед пра храм чалавечай душы.

dzaz.jpg

Скончыўшы на гэтай душэўнай ноце, варта не забыцца (лепш з парасонам) наведаць а 20-й гадзіне пляцоўку побач, ля Ратушы. 24 чэрвеня ў працяг джазавых вечароў там выступіць Кліўленд Джонс (ЗША) — спявак і кампазітар, які спалучае матывы госпелу, рытм-энд-блюзу і традыцыйнага джазу. А таксама прагучаць беларускія выканаўцы, вакальны квартэт Minsk Voices і  Premier Orchestra.

 Фота: Алега Радкевіча з адкрыццяўвыстаў Пісарэнкі і Швайбы, плакаты падзей.