«Мы крочым да волі» — Vinsent выдае новую песню і заклікае да салідарнасці

Беларускі музыка Vinsent у дуэце з Сашай Захарык выдаў новую песню «Не пакіну».


Як тлумачыць музыка, песня стала ягонай своеасаблівай рэакцыяй на падзеі апошніх тыдняў у Беларусі.
Vinsent: «Мы пражываем вельмі важны гістарычны момант. Я хачу падтрымаць усіх людзей добрай волі. Мне здаецца, зараз як ніколі важная салідарнасць, узаемадапамога сваім блізкім і ўсім, хто трапіў у складаную сітуацыю. Мы павінныя быць салідарнымі, быць разам і толькі так мы зможам змяніць сітуацыю. Галоўнае, не пакідайма сваіх людзей, яны павінны адчуваць нашую падтрымку ў любой сітуацыі».
Саша Захарык дадае, што асабліва балюча, у нейкім сэнсе, па-жаночаму перажывае апошнія падзеі ў краіне.«Мяне моцна натхняюць беларускія жанчыны, як яны паводзяць сябе ў гэтай драматычнай сітуацыі. Яны моцныя, не здаюцца, да апошняга змагаюцца за свае сем’і і за сваіх каханых».
Прэм’ера песні адбылася на Youtube. Неўзабаве рэліз з’явіцца на ўсіх лічбавых пляцоўках.


Паводле прэс-рэліза