На 102-м годзе жыцця памёр ураджэнец Мінска, стваральнік Чабурашкі Леанід Шварцман

Леанід Шварцман нарадзіўся 30 жніўня 1920 года ў Мінску на вуліцы Ракаўскай, у сям'і размаўлялі на ідыш. Скончыў мастацкую школу ў Мінску, нагадвае «НН».

_okcch.jpg

«Потым у Ленінград пераехаў, дзе вучыўся ў школе Акадэміі мастацтваў, а каб выжыць, уладкаваўся на Кіраўскі завод. Падчас блакады там працаваў токарам. У 1941-м нас эвакуіравалі ў Чэлябінск. Токарам працаваў усю вайну», — распавядаў пра сябе Леанід Шварцман.

Пасля вайны паступіў у ВГІК, працаваў на студыі «Саюзмультфільм».

Многія мультфільмы, створаныя пры яго ўдзеле, сталі класічнымі. Сярод іх — «Снежная каралева», «Залатая Антылопа», «Кракадзіл Гена», «Кацяня па імеі Гаў», «38 папугаяў», «Пунсовая кветка».

Менавіта Леанід Шварцман стварыў вобраз Чабурашкі і іншых герояў мульціка, а таксама прамаляваў экстэр'еры ў ім.

Калі прыгледзецца, то дамкі ў «Кракадзіле Гене» нагадаюць Нямігу, Верхні горад і Ракаўскае прадмесце.

«Я не думаў пра Мінск, калі маляваў мульцікі і будынкі, на фоне якіх адбываюцца прыгоды Чабурашкі і Кракадзіла Гены, — пісаў мастак. — Мінск з'явіўся ў мультфільмах сам, па ўласнай волі, з маёй памяці».

Шварцман таксама напісаў серыю карцін: «Стары Мінск. Успаміны дзяцінства».