На «Агульнай дыктоўцы» будзе тэкст Андруся Горвата

Беларусы 1 чэрвеня змогуць праверыць веданне роднай мовы і напісаць «Агульную дыктоўку» па новым тэксце сучаснага беларускага пісьменніка Андруся Горвата. У якасці чытальнікаў выступяць салісты групы NaviBand. Праект у падтрымку беларускай мовы праводзіць кампанія «Лідскае піва», прымеркаваўшы яго да 400-годдзя выхаду «Граматыкі» Мялеція Сматрыцкага.

1504848661_istock_000074611795_small_1.jpg

У гэтым годзе спецыяльна для «Агульнай дыктоўкі» тэкст падрыхтаваў Андрусь Горват.
Аўтар тэксту і арганізатары акцыі паставілі перад сабой мэту не толькі даць магчымасць удзельнікам праверыць свае веды, але і паказаць прыгажосць, самабытнасць і разнастайнасць беларускай мовы.
У ролі «настаўнікаў» на «Агульнай дыктоўцы» выступяць салісты групы NaviBand. Выбар чытальнікаў невыпадковы: музычны бэнд першым у гісторыі «Еўрабачання» выканаў кампазіцыю на беларускай мове і актыўна выкарыстоўвае мову ў сваёй творчасці і зносінах з прыхільнікамі.
Напісаць дыктоўку можна ў Нацыянальнай бібліятэцы або дома. Неабходна толькі загадзя зарэгістравацца на старонцы праекта. Сама дыктоўка пачнецца 1 чэрвеня роўна ў 12:00 і будзе транслявацца на радыё «Культура» (102,9 FM у Мінску, 88,5 FM у Брэсце, 99,3 FM у Віцебску, 91,5 FM у Гомелі, 95,0 FM у Гродне і 99,1 FM у Магілёве).
Правераць працы прафесійныя філолагі. Вынікі дыктоўкі будуць высланы кожнаму індывідуальна разам з электронным сертыфікатам аб удзеле. Для жадаючых праверыць сябе самастойна арыгінал тэксту апублікуюць на старонцы праекта на працягу некалькіх дзён пасля дыктоўкі. Выдатнікі дыктоўкі атрымаюць памятныя прызы ад арганізатараў.
naviny.by