На Крапівенскім полі адзначылі ўгодкі Аршанскай бітвы (фота)
У ноч з суботы на нядзелю на месцы Аршанскай бітвы сабралося некалькі дзясяткаў чалавек, каб адзначыць перамогу у бітве пад Воршай у 1514 годзе. Перад прысутнымі выступілі Юрка Копцік, Андрэй Мельнікаў, Ігар Палынскі, Антаніна Хатэнка, Сяргей Шляхтаў, Мікола Рудакоўскі.
Першы фэст беларускай аўтарскай песьні "Аршанская бітва" адбыўся 30 жніўня 1991 года па ініцыятыве вядомага барда Андрэя Мельнікава і арганізацыйнай падтрымкі журналіста і гісторыка Юркі Копціка. З таго часу адзначаць Аршанскую бітву на гістарычным месцы сталі штогод, часам меняючы фармат і месца з-за шматлікіх перашкод з боку ўладаў, якім святкаванне перамогі над усходнім суседам не падабаецца. У 2007 годзе на фэст збіралася прыехаць больш за 500 удзельнікаў, на што ўлады адрэагавалі ачапленнем поля агромнай колькасцю супрацоўнікаў сілавых структур і хапуном. З таго часу фэст адбываецца ў досыць камерным фармаце. Але негледзячы на гэта збірае новых выканаўцаў і ўдзельнікаў.
У розны час на фэсце выступалі гурты «Gods Tower», «Камэлот», «Evthanazia», «Avalon house», «Sarcastic green», «Хосьпіс», а таксама выканаўцы: Андрэй Мельнікаў, Андрэй Хадановіч, Зміцер Сідаровіч, Віктар Шалкевіч, Зміцер Бартосік, Лера Сом, Тацяна Беланогая, Алег Грушэцкі, Вольга Акуліч, Ігар Мухін, Лана Медзіч, Анатоль Кудласевіч, Алесь Камоцкі, Зміцер Вайцюшкевіч, Алесь Наркевіч, Сяржук Мінскевіч, Аляксей Галіч, Зміцер Абразцоў, Зміцер Захарэвіч, Зміцер Сасноўскі (лідар гурта «Стары Ольса»), Сяржук Доўгушаў (Vuraj), Алег Мізула, Сяргей Шляхтаў, Мікола Рудакоўскі і інш.
Удзел у святкаванні прымалі чальцы мастацкай суполкі «Пагоня», а таксама палітыкі і грамадскія дзеячы Зянон Пазняк, Мікола Статкевіч, Павел Севярынец, Зміцер Дашкевіч і іншыя.