На прэм'еры «Мой сябар жырафа» падарункі атрымаюць усе юныя гледачы
У Мінску пройдзе спецыяльная прэм'ера фільма «Мой сябар жырафа» з падарункамі ўсім юным гледачам падчас паказу ў кінатэатры «Масква».
30 жніўня ў Мінску адбудзецца незвычайная прэм'ера казачнай гісторыі для ўсёй сям'і «Мой сябар жырафа» вытворчасці Нідэрландаў. На паказе ў кінатэатры «Масква» ў 19:00 усе юныя гледачы атрымаюць падарункі — тэматычныя маляванкі «Мой сябар жырафа ў Беларусі».
На вялікіх экранах сталіцы карціну можна будзе паглядзець з 30 жніўня па 12 верасня. Пераклад і беларускі дубляж фільма ў рамках праекта «Беларускія ўікэнды» выканала каманда «Кінаконг» пры падтрымцы кампаніі velcom.
«Мой сябар жырафа» — гэта чароўная гісторыя аб моцным сяброўстве звычайнага хлопчыка і гаворачага жырафа па імені Раф. Галоўны герой фільма, Дзікечэ Дап, — будучы першакласнік, і з Рафам яны не разлі вада: разам выраслі і разам хочуць пайсці ў школу. Але вось няўдача: дарослыя лічаць, што жырафе школа не патрэбна, і ў першы клас Дзікечэ пойдзе адзін. Як сябры справяцца з гэтым выклікам, ці зможа Раф пайсці ў школу разам з гарэзам Дзікечэ і як правяраецца сапраўднае моцнае сяброўства, можна даведацца з новага фільма, знятага па матывах твора нідэрландскай казачніцы Ані Шміт. Фільм асабліва спадабаецца тым юным гледачам, якія гэтак жа, як і яго галоўны герой, збіраюцца ў першы клас.
«Мы падыходзім да кожнага фільма індывідуальна, імкнёмся максімальна дакладна перадаць гледачу яго настрой. «Мой сябар жырафа» — гэта вельмі добрая, павучальная гісторыя пра сяброўства для ўсёй сям'і, лепшы фільм для паказу 1 верасня. У маляванках дзеці змогуць захаваць яркія ўспаміны пра фільм, яго знаходлівых герояў, пра бесклапотныя летнія дні. Думаю, пачатак навучальнага года з вясёлай гісторыяй на беларускай мове стане для дзяцей і іх бацькоў адным з самых цёплых сямейных успамінаў», — падзяліўся кіраўнік праекта «Беларускія ўікэнды» Андрэй Кім.
Па ініцыятыве velcom упершыню ў гісторыі праекта «Беларускія ўікэнды» пракат стужкі стартаваў у Віцебску. Спецыяльным госцем паказу стаў удзельнік агучкі фільма «Мой сябар жырафа», беларускі акцёр тэатра і кіно Сяргей Жбанкоў: «Фільм «Мой сябар жырафа» — гэта гісторыя аб яскравым самаадданым дзяцінстве, у якой кожны знойдзе сваю нагоду для настальгіі. Дзікечэ Дап — сапраўдны авантурыст і верны сябар, і агучваць яго было ўсё роўна што ненадоўга вярнуцца ў дзяцінства. Таму мне вельмі прыемна ўпершыню прадстаўляць сваю работу менавіта ў Віцебску, горадзе, дзе я вырас».
У Мінску з 30 жніўня да 5 верасня ўключна фільм будуць паказваць у кінатэатрах «Аўрора», «Беларусь», «Дом кіно», «Кіеў», «Мір», «Кастрычнік», «Піянер», «Ракета», «Салют», «Цэнтральны» і Falcon club, а таксама ў кінатэатрах сеткі Silver Screen, уключаючы velcom cinema. З 6 па 12 верасня карціну «Мой сябар жырафа» можна будзе ўбачыць у кінатэатрах «Аўрора», «Беларусь», «Кіеў», «Мір» і «Ракета». У кінатэатрах «Дом кіно» і «Піянер» апошнія сеансы стужкі пройдуць 8-9 верасня. Квіткі на сеансы можна набыць анлайн і ў касах кінатэатраў. Падрабязнасці на сайтах kinakong.by і velcom.by.
У рамках праекта «Беларускія ўікэнды», які рэалізуецца кампаніяй «Кінаконг» пры падтрымцы velcom, вядомыя прадстаўнікі тэатра і кіно Беларусі бяруць удзел у перакладзе і агучцы на беларускую мову рознапланавых замежных фільмаў, якія затым дэманструюцца ў шырокім пракаце. Сярод іх — «Хронікі Нарніі: леў, вядзьмарка і гардэроб», «Маленькі прынц», «Форэст Гамп», «Шторм», «Жонка аглядальніка заапарку», «Кніга Ілая», «Таямніца Келза», «Таемнае жыццё Уолтэра Міці», «Рыбка Поньё» і «Падымаецца вецер». Цяпер калекцыю папаўніць і новы фільм з Нідэрландаў «Мой сябар жырафа». Гэта трэцяя па ліку стужка, якую, як і «Маленькі прынц» і «Шторм», пакажуць не толькі ў Мінску, але і ў іншых буйных гарадах краіны.
Пасля пракату ў кінатэатрах фільм «Мой сябар жырафа» стане даступны на платформе VOKA ў спецыяльным раздзеле «CINEVOKA — кіно па-беларуску». У ім прадстаўлена 17 культавых стужак сусветнага кінематографа, у тым ліку агучаныя ў рамках праекта «Беларускія ўікэнды» «Рыбка Поньё», «Маленькі прынц», «Кніга Ілая», «Падынгтан», «Жонка аглядальніка заапарку». Раздзел «CINEVOKA — кіно па-беларуску» даступны для прагляду падпісчыкам пакета «VOKA Відэа».