На Спеўным сходзе выконвалі салдацкія песні і слухалі вайсковыя маршы
Спеўны сход «Песні ваеннага часу», які адбыўся ў Мінску 17 мая, у якасці спецыяльна запрошаных гасцей наведалі кандыдат гістарычных навук Ігар Мельнікаў і музыкі сапраўднага вайсковога аркестра.
Ігар Мельнікаў распавёў пра гісторыю напісання мегапапулярных у савецкія часы песень “Стомленае сонца”, “Маленькая сіняя хустка”, “Брэсцкая вуліца”, аўтарам мелодый якіх быў польскі музыка Ежы Пецерсбурскі. Прысутныя паслухалі запісы песень на польскай мове.
Потым, пад кіраўніцтвам кіраўніка гурту “Вурай” Сергея Доўгушава грамада спявала песьні “Два полі”, “Надзенька” з Народнага альбому, “Песня Марыны” з кінафільма “Гадзіннік спыніўся апоўначы, “Із далёкіх краёў шлі салдацікі дамоў”.
Істотна ўзняў агульны градус бадзёрага настрою вайсковы духавы аркестрык, які на прафесійным узроўні выканаў вядомыя вайсковыя маршы.
“Збольшага мяне натхніла займацца арганізацыяй такіх сустрэч любоў да песні. Захацелася ладзіць групавыя сустрэчы і знаёміць людзей з беларускай песняй. На жаль людзі ведаюць нашых песень не так шмат. А ведаць і спяваць свае песні вельмі важна. Па-першае, гучаць і слова беларускае, і музыка — гэта дапамагае ўсведамляць сябе як нацыю. Па-другое, песня дапамагае людзям разняволіцца. Тут могуць спяваць усе!” — адзначыў у гутарцы з журналістам НЧ Сяргей Доўгушаў.
Наступная сустрэча па словах Сяргея адбудзецца дзесьці 17-19 чэрвеня. Магчыма ў горадзе, а можа і на прыродзе, каб не толькі заспяваць, але і пахадзіць купальскія карагоды.