На вуліцы Камсамольскай адкрыецца выстава «Мастак і горад»

27 траўня адкрыецца штогадовы выставачны праект «Мастак і горад». Выстава пройдзе ў Мінску, аднак сёлета ўпершыню зменіць лакацыю — традыцыйна яна размяшчалася на плошчы Якуба Коласа, а ў гэтым сезоне беларускі жывапіс упрыгожыць пешаходную вуліцу Камсамольскую. Гэта будзе юбілейны, дзясяты, сезон праекта, які ў гэтым годзе прысвечаны творчасці народнага мастака Беларусі Леаніда Шчамялёва.

1_421.jpg

У экспазіцыі 34 работы, якія прадстаўляюць візуальную рэтраспектыву творчасці мастака. Яна раскрывае асноўныя перыяды і напрамкі, жанравыя і тэматычныя прыярытэты аўтара з 1960-х да пачатку 2000-х гадоў. На выставе можна будзе палюбавацца маляўнічымі мясцінамі Беларусі — Нарачанскімі азёрамі, Лагойшчынай, Віцебшчынай; бліжэй пазнаёміцца з працавітымі, мужнымі беларусамі, з не падобнымі ні да каго беларускімі жанчынамі; убачыць партрэты знакамітых землякоў.

4_332.jpg


Выстава раскажа пра творчасць Леаніда Шчамялёва – мастака з беларускім спадчынным кодам, які быў зашыфраваны ў яго душы і перанесены на палотны. Каб адказаць на пытанне, якая яна, Беларусь, неабавязкова аб’язджаць усе куткі краіны. Можна прагуляцца па Камсамольскай вуліцы і паглядзець працы майстра. Хтосьці знойдзе адказ на беразе Мінскага мора, хтосьці — на вуліцах вячэрняга Валожына, а хтосьці – у вобразах Янкі Купалы і Якуба Коласа, – адзначае Ганна Ясюк, загадчыца філіяла «Гарадская мастацкая галерэя твораў Л.Д. Шчамялёва».

2_386.jpg

Сёлета праект адзначае 10-годдзе. За час свайго існавання «Мастак і горад» паказаў работы 75 беларускіх жывапісцаў, у ліку якіх Марк Шагал, Казімір Малевіч, Мікалай Селяшчук, Зоя Літвінава, Георгій Скрыпнічэнка. Выстава пад адкрытым небам праходзіла не толькі ў Мінску, але і ў абласных гарадах: два разы прыязджала ў Віцебск і адзін раз у Брэст — да 1000-годдзя горада. У 2020 годзе выставачны праект упершыню адкрыўся ў анлайн-фармаце.
Праект «Мастак і горад» ужо стаў для беларусаў добрай культурнай традыцыяй. На працягу 10 гадоў ён расказвае пра беларускі жывапіс: адкрывае імёны мастакоў, разнастайнасць іх стыляў, тых праблем, якія ўздымаюцца ў карцінах. Экспанаванне работ у публічнай прасторы робіць праект унікальным — гэта дазваляе гаварыць пра папулярызацыю беларускага мастацтва. Нам асабліва прыемна, што банк ВТБ з’яўляецца часткай праекта і падтрымлівае яго восьмы год запар, – каментуе старшыня праўлення банка ВТБ (Беларусь) Сяргей Суслапараў.

3_152.jpg

Экспазіцыя, якая ў гэтым годзе носіць назву «Фарбы душы. Леанід Шчамялёў», будзе даступная для жыхароў і гасцей сталіцы да 20 верасня. Традыцыйна рэпрадукцыі карцін будуць суправаджацца біяграфіяй аўтара і тэкставым апісаннем на трох мовах — беларускай, рускай і англійскай. Уся дадатковая інфармацыя пра праек знаходзіцца на сайце higminsk.by, дзе таксама размешчаны карціны Леаніда Шчамялёва, якія будуць прадстаўлены на выстаўцы.
Даведачна:
Праект рэалізуецца Музеем гісторыі горада Мінска сумесна з камунікацыйнай кампаніяй GBS пры падтрымцы Мінскага гарадскога выканаўчага камітэта. Восьмы год запар генеральным партнёрам экспазіцыі выступае банк ВТБ (Беларусь).
Паводле прэс-рэліза