Нацыянальны гістарычны музей і Вялікі тэатр оперы і балета запрашаюць на сумесную выставу

13 лютага 2020 года а 17-й гадзіне ў Нацыянальным гістарычным музеі Рэспублікі Беларусь адбудзецца ўрачыстае адкрыццё выставы твораў мастака-пастаноўшчыка Кацярыны Булгакавай «…АД ІДЭІ ДА ТЭАТРАЛЬНАЙ СЦЭНЫ…», арганізаванай сумесна з Нацыянальным акадэмічным Вялікім тэатрам оперы і балета Рэспублікі Беларусь.

Кацярына Булгакава

Кацярына Булгакава

Кацярына Булгакава нарадзілася ў Мінску 2 верасня 1980 года. Скончыла Беларускую дзяржаўную акадэмію мастацтваў. Член Беларускага саюза мастакоў. Кацярына Булгакава паходзіць з сапраўднай творчай дынастыі: яе бацькі таксама мастакі-мадэльеры; работы маці знаходзяцца ў фондах Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь.
У Нацыянальны акадэмічны Вялікі тэатр оперы і балета Рэспублікі Беларусь Кацярына Булгакава прыйшла ў якасці мастака-пастаноўшчыка ў 2002 годзе. Трэба адзначыць, што мастак–пастаноўшчык — адна з ключавых фігур у стварэнні спектакля, бо менавіта яго задачай становіцца распрацоўка візуальнага вобразу персанажаў.
На сенняшні дзень Кацярына Булгакава прымала ўдзел у афармленні больш за 20 спектакляў, сярод якіх – «Набука», «Аіда» (рэжысёр М. Панджавідзэ), «Сем прыгажунь» (харэограф Ю. Пузакоў), «Доктар Айбаліт» (рэжысёр М. Панджавідзэ), «Санеты» (харэограф А. Ціхамірава), «Каханне і Смерць» (харэограф В. Кастэль) і інш. Адна з самых громкіх апошніх яе работ – праца над балетам «Анастасія» (харэограф Ю.Траян), які выдатна прадэманстраваў уменне аўтара адаптаваць касцюм XV стагоддзя пад сцэну без страты гістарычнай дакладнасці.
Паводле прэс-рэліза