Нацыянальны мастацкі музей Беларусі адкрыецца ўлетку
На сайце ўстановы пазначана, што па 31 мая музей зачынены ў сувязі з правядзеннем работ па бягучым рамонце.
Праводзіць іх, дарэчы, актыўна дапамагаюць і самі супрацоўнікі. Напрыклад, падчас рэспубліканскага суботніку на чале з кіраўніцтвам і прафсаюзнымі лідарамі тут не толькі правялі неабходныя тэхнічныя работы на пастаяннай экспазіцыі, але і добраўпарадкавалі прылеглую тэрыторыю і расчышчалі пляцоўкі, дзе ўзводзяцца рэстаўрацыйныя і выставачныя залы будучага «музейнага кварталу», які злучыць у адзіны комплекс усе будынкі музея.
Нагадаем, музей закрыўся для наведвальнікаў з 19 красавіка, але працягвае працаваць у фармаце віртуальных экскурсій.
«На жаль, дзверы Мастацкага адкрыюцца для сустрэчы з вамі, нашы дарагія сябры, толькі летам, — гаворыцца ў фэйсбук-акаўнце ўстановы. — Мы сумуем і працягваем прызначаць вам віртуальныя спатканні».
Так, 30 красавіка генеральны дырэктар Нацыянальнага мастацкага музея Уладізмір Пракапцоў расказаў пра жыццё, творчасць, сучаснікаў і паслядоўнікаў выдатнага мастака Фердынанда Рушчыца, юбілей якога сёлета ўнесены ў Спіс памятных дат ЮНЕСКА. Акрамя таго супрацоўнікі музея правялі анлайн-лекцыю пра Мая Данцыга, экскурсію па выставе «Чырвоны — код нацыі», расказалі пра «сармацкія партрэты» эпохі барока, пра традыцыі беларускага іканапісу і пра тое, чаму Мастацкі — «радзіма сланоў». Пасля прамых эфіраў усе відэазапісы дасяжныя на старонках установы УКантакце, IGTV і YouTube-канале музея.
Паводле zviazda.by