«Нашаму слову» — 20 гадоў

17 сакавіка 1990 года пабачыў святло першы нумар газеты Таварыства беларускай мовы «Наша слова».

Спачатку гэта быў штомесячны бюлетэнь, заснаваны першым кіраўніком ТБМ Нілам Гілевічам. Але ўжо праз год газета пачала выходзіць штотыднёва, прадавацца ў шапіках і атрымала права на падпіску.

17 сакавіка 1990 года пабачыў святло першы нумар газеты Таварыства беларускай мовы «Наша слова».
Спачатку гэта быў штомесячны бюлетэнь, заснаваны першым кіраўніком ТБМ Нілам Гілевічам. Але ўжо праз год газета пачала выходзіць штотыднёва, прадавацца ў шапіках і атрымала права на падпіску.
У складзе рэдакцыі пад кіраўніцтвам вядомага беларускага пісьменніка і журналіста Эрнэста Ялугіна працавала больш дзесяці чалавек, аб’ём выдання — ад 8 да 12 старонак, а наклад дасягаў 20 тысяч асобнікаў. Газета мела дзяржаўную фінансавую падтрымку і выходзіла ў Мінску.
Пасля рэферэндуму 1995 года сітуацыя значна пагоршылася, і дзяржаўнае фінансаванне газеты напрыканцы 1996 года спынілася. Яе існаванне апынулася пад пагрозай, і некалькі месяцаў газета не выходзіла. У гэты ж час вырашаўся лёс і самой арганізацыі ТБМ.
Аднак дзякуючы намаганням новага кіраўніцтва ТБМ, якое ўзначаліў Генадзь Бураўкін, Таварыства беларускай мовы выстаяла. Паўстала пытанне пра аднаўленне дзейнасці газеты без усялякай дзяржаўнай падтрымкі, выключна на грамадскіх пачатках.
У гэты няпросты час адказнасць за лёс выдання ўзяў на сябе былы афіцэр, падпалкоўнік, шчыры беларускі патрыёт, што паходзіць з нясвіжскай вясковай шляхты, — Станіслаў Суднік.
З восені 1997 года «Наша слова» выходзіць у горадзе Ліда, дзе жыве і працуе яе нязменны выдавец і рэдактар. Газета выходзіць толькі на грамадскіх пачатках, не маючы ганарараў для аўтараў і заробкаў для рэдактара і журналістаў. Тым не менш, мае свой адметны твар і добра вядомая як на Беларусі, так і за яе межамі.
Падрабязную інфармацыю пра гісторыю газеты можна прачытаць у юбілейным нумары ад 16 сакавіка гэтага года.
Хочацца пажадаць «Нашаму слову» новых чытачоў і асабліва новых сталых падпісчыкаў.
* * *
Журналісты «Новага часу» далучаюцца да віншаванняў.
Дарагія калегі, вы ўжо пераможцы, бо выстаялі і выходзіце ў надзвычай неспрыяльных умовах. Ваша свабоднае слова працуе на Беларусь — вольную, незалежную, дэмакратычную і заможную.

Алег Трусаў, старшыня ТБМ