“Нейра Дзюбель” запаліў “Графіці”
Нягледзячы на знаходжанне ў спісе забароненых, культавы беларускі рок-гурт здолеў даць традыцыйны канцэрт у клубе “Графіці, які здаўна застаецца ледзь не адзінай
пляцоўкай для выступаў забароненых музыкаў.
Нягледзячы на знаходжанне ў спісе забароненых, культавы беларускі рок-гурт здолеў даць традыцыйны канцэрт у клубе “Графіці, які здаўна застаецца ледзь не адзінай
пляцоўкай для выступаў забароненых музыкаў.
Як вядома, пасля з’яўлення новага “спісу забароненых быў адменены не адзін канцэрт гурта. Дзіўным выключэннем з агульных правілаў быў толькі клуб
“Графіці — забароненыя музыкі традыцыйна давалі тут канцэрты. Але пачынаючы з 21 жніўня, калі быў запланаваны канцэрт Змітра Вайцюшкевіча, і тут пачаліся адмены канцэртаў.
Пасля Вайцюшкевіча была адмена выступу гурта “N.R.M., а 29 жніўня быў адменены канцэрт “Нейра Дзюбеля.
Тады адміністрацыя клуба спасылалася на тое, што ў памяшканні будуць праводзіцца рамонтныя працы. У той час мала хто паверыў у гэта — сярод прыхільнікаў якаснай беларускай музыкі пачаліся
размовы, што апошняя пляцоўка, адкрытая для выступаў забароненых музыкаў, знікла. Але зараз лідар “Нейра Дзюбеля Аляксандр Кулінковіч кажа, што прычыны адмены не былі надуманымі:
гэты канцэрт — пераканаўчае таму пацверджанне.
Клуб быў перапоўнены, і тое не дзіўна — “Нейра Дзюбель даўно не выступаў, акрамя ўсяго, на канцэрт патрапілі тыя людзі, што набывалі квіткі на канцэрт 29 жніўня, які быў
адменены. Пасля звычайнай для “Графіці гадзіннай затрымкі канцэрт традыцыйна пачаўся песняй “Вітайце. Каб разварушыць публіку, “Нейра Дзюбелю
шмат часу не спатрэбілася — літаральна праз некалькі песень за столікамі не сядзеў амаль ніхто.
Перад канцэртам мне пашанцавала падгледзець спіс кампазіцый, якія гурт плануе выканаць: у ім значыліся 24 песні, у большасці з апошніх альбомаў. Але, вядома, гэтымі песнямі выступ не абмежаваўся. За
амаль двухгадзінны выступ гурт здолеў давесці публіку да экстазу — час ад часу ў маленечкім “Графіці ўзнікала нешта падобнае на слэм, і перасоўванне па клубе было значна
замаруджанае. Публіка была па большасці сталая, і тое не дзіўна — моладзі зараз цяжка дазволіць сабе даволі нятанныя квіткі, кошт якіх можна параўнаць з сярэднім для замежных гуртоў у
дакрызісныя часы.
Адыграўшы спісавую частку праграмы, Аляксандр Кулінковіч паспяшаўся сысці са сцэны разам са сваімі калегамі. Але публіка патрабавала выхаду на біс, і даволі незвычайна — увесь зал пачаў
гучна распяваць песні гурта, а значная частка людзей настойліва крычала: “Са-му-ра-і, са-му-ра-і!, маючы на ўвазе адзін са старых гітоў гурта. Выхад на біс не прымусіў сябе доўга
чакаць — музыкі нарэшце выйшлі на сцэну, а Аляксандр Кулінковіч пажартаваў, што граць яны будуць толькі за грошы. Публіка занадта літаральна ўспрыняла той жарт — хутка да лідара
гурта пацягнуліся рукі з буйнымі купюрамі і нават доларамі.
Сам Аляксандр Кулінковіч такой рэакцыі не чакаў і пачаў адмаўляцца ад грошай. Але настойлівасці некаторых гледачоў было цяжка супрацьстаяць, таму трохі грошай музыкі вымушаныя былі ўзяць сабе і
паабяцаць выкарыстаць іх на аплату рэпетыцый. Трохі пазней “Нейра Дзюбель нарэшце выканаў “Самураяў і яшчэ некалькі песень, пасля чаго канчаткова развітаўся з
гледачамі. Але не ўсе гледачы спяшаліся разыходзіцца — прынамсі гадзіну пасля канцэрта ў грымёрцы фанаты набывалі майкі і дыскі, прасілі аўтографы і фатаграфаваліся з Аляксандрам
Кулінковічам.
Зараз “Нейра Дзюбель актыўна працуе над новым альбомам. Аляксандр Кулінковіч называе яго “самым няшчасным у гісторыі “Нейра Дзюбеля і кажа,
што яго назва ўжо амаль зацверджана — новы альбом, хутчэй за ўсё, будзе называцца “Жаба. Матэрыял гатовы прыкладна на 60 працэнтаў, выпусціць альбом плануецца позняй
восенню.
Бліжэйшы мінскі канцэрт гурта традыцыйна пройдзе 18 кастрычніка ў “Графіці. Праз некалькі дзён плануецца яшчэ адзін выступ: пад назвай “Kull Orchestra гурт
збіраецца прыняць удзел у штогадовым фестывалі “Рок па вакацыях, які мае адбыцца 21 кастрычніка ў клубе “Re:Public. Часовай зменай назвы гурт спадзяецца абысці
так званы “чорны спіс і нарэшце выступіць на вялікай пляцоўцы. А пасля фестывалю “Рок па вакацыях запланаваны шэраг канцэртаў у Маскве — тут гурту
давядзецца выступіць тройчы — 28 і 29 кастрычніка, а таксама 3 лістапада.