Neuro Dubel. Ім лятаць ахвота

На 15-м нумарным альбоме Кулінковіча няма ані стомленасці, ані вымучанасці, ані самапаўтораў. Гэта нататкі чалавека, які згубіўся ў грамадстве шырспажыву. Яму, падобна, лёсам наканавана блукаць да скону, бо выхад з універсаму замураваны. А так хочацца ўзняцца па-над усім гэтым нікчэмным дзярмом.



tarantino_by_2015_neuro_dubel_7071.jpg

Neuro Dubel вытрымаў гросмайстарскую паўзу ў тры гады, каб запісаць альбом жорсткіх, дзёрзкіх і рашучых песень. Усё прыгатавана па вядомым і ўлюбёным рэцэпце — караценькія трапныя рыфмоўкі між трэкамі ад дамарошчанага паэта дзядзі Сашы, песня-хук (тут гэта, безумоўна, “Метро”), песня-роздум (“Маленькая песенка”), гіцяра на разьвітаньне (“Уходим тихо”), пераніцаваны кавер (маем панк-версію “Рок-н-рол мёртв”) і яшчэ з дзясятак моцных песень, якія ўстаўляюць па чарзе і паступова, кожны раз па-новаму ў залежнасці ад абставінаў і стану слухача. І выканаўцы, калі вядзецца пра жывое выкананне.

Карціну дапаўняе таксама парачка песень-даўгабудаў, даробленых урэшце ўсім цяперашнім складам гурта. Кулінковіч можа дазволіць сабе перапяваць сябе самога — ён па-свойму выканаў наноў “Битву на мотоциклах”, якая 21 год таму пяялася пад Мамонава, і шматпакутную “Папараць-кветку”, задуманую для нявыдадзенага праекту “Скрыпка дрыгвы” 13 гадоў таму, выдадзеную ў дэма-вэрсіі на “Танках” (2003), а цяпер запісаную поўным гукам. Увага да гэтага твору тлумачыцца тым, што Караткевіч для Кулінковіча — постаць знакавая, шмат у чым дзякуючы ягоным вершам лідар “дзюбялёў” адкрыў для сябе беларускі сусвет. Асобная размова пра загалоўны трэк “На Марс!”, які працягвае адну з цэнтральных тэмаў творчасці ансамбля (згадайма “Гагарин”, “Касманаўты”, “Дети Галактики”, чаго ўжо там). Канкрэтна ў музычным плане гэта, мусіць, самы ўдалы і правільны нумар з альбому. Ну і нельга лішні раз не заўважыць, што Кулінковіч як рок-паэт зусім інакш раскрываецца ў беларускамоўных творах.  Дарма, дарэчы, Саша прасіў прабачэння ў мовазнаўцаў за наватвор “рушымся”. Да яго прынамсі адзін чалавек гэтае слова ўжываў — Максім Багдановіч у вершы “Рушымся, брацця, хутчэй” (1910).

На 15-м нумарным альбоме Кулінковіча няма ані стомленасці, ані вымучанасці, ані самапаўтораў. Гэта нататкі чалавека, які згубіўся ў грамадстве шырспажыву. Яму, падобна, лёсам наканавана блукаць да скону, бо выхад з універсаму замураваны. А так хочацца ўзняцца па-над усім гэтым нікчэмным дзярмом… На кожным трэку прысутнічае “дзюбелеўскі” знак якасці — гучыць усё натуральна, хуліганіста, трансцэндэнтна, абсурдна і (трагі)камічна, хоць месцамі і недасканала тэхнічна. Увесь сэнс гэтай праграмы, па сутнасці, у фразе “Трезвая жизнь тянет на дно, таких, как я, не пускают на метро”. Уласна, пасля такіх песень (а іх колькі было дагэтуль!) наракаць на Кулінковіча за забытыя тэксты і праваленыя канцэрты аніяк не выпадае. Толькі вось і франтмену ND не выбачацца б за тое, што яму лятаць ахвота.

Нягледзячы на некаторую фатальнасьць, праграма “На Марс!” настройвае на пазітыў і абнадзейвае. Ад таго і ня хочацца называць альбом найлепшым, бо найлепшае — яшчэ наперадзе.

Спампаваць альбом “На Марс!” і аддзячыць гурту можна на афіцыйным сайце

Ідэя: 10
Выкананне: 9
Тэксты: 10
Запіс: 7
Аздабленне: 7


Сяргей Будкін, budzma.by