«Ноч расстраляных паэтаў» у Батумі: шэсце і акцыя разам з украінцамі (фота)

У Батумі адзначылі сумную дату беларускай гісторыі — «Ноч расстраляных паэтаў». Блізу 100 чалавек сабраліся ў цэнтры горада, парку 6-га траўня, каб прачытаць вершы тых, хто быў пазбаўлены жыцця ў тую ноч. Разам з беларусамі гэтую трагічную дату адзначалі прадстаўнікі ўкраінскай супольнасці.

img_0660_1_logo.jpg

У батумскай «Ночы расстраляных паэтаў» было дзве часткі. Адна з іх адбывалася ўласна ў месцы правядзення памятнай акцыі — у парку ў цэнтры Батумі, насупраць Дому пісьменнікаў Аджарыі. Там яны ўсталявалі фотаздымкі забітых у 1937-м годзе пісьменнікаў, паэтаў і іншых прадстаўнікоў творчай інтэлігенцыі, і запалілі ля партрэтаў знічкі.

Іншыя ўдзельнікі пайшлі праз горад шэсцем ад беларускай прасторы «Аксяродак» — са свечкамі, і спяваючы малітву «Магутны Божа». Такім чынам гэтае шэсце і прыйшло ў парк 6-га траўня.

img_0680_1_logo.jpg

Адкрылі акцыю гімнам «Пагоня», а таксама гімнамі Украіны і Грузіі.

Прадстаўнікі ўкраінскай супольнасці ў Батумі далучыліся да беларускай акцыі невыпадкова. Як было адзначана на імправізаваным мітынгу, ва Украіне ёсць аналагічная дата, якая роднасная беларускім падзеям, і адзначаецца яна вельмі хутка — 3-га лістапада. Такім чынам, у нас з Украінай у гэтым — супольная трагічная гісторыя, якая нават па часе вельмі недалёка адна ад адной.

img_0683_logo.jpg

Таксама згадваліся і беларускія ваяры, якія загінулі, абараняючы незалежнасць і суверэнітэт Украіны.

Прадстаўнікі беларускай дыяспары зачыталі спіс расстраляных у тую ноч, а потым чыталі вершы расстраляных паэтаў. Але не толькі. Арганізатары вырашылі ўзгадаць і тых творчых людзей, якія рэпрэсаваныя цяпер і знаходзяцца за кратамі сёння. Таму таксама гучалі вершы і рэпрэсаваных сёння.

Нагадаем, што ў ноч з 29 на 30 кастрычніка 1937 года НКУС забіла ў Мінску 132 чалавекі, у тым ліку паэтаў, пісьменнікаў і прадстаўнікоў інтэлігенцыі.

Паводле зветак Беларускай Рады культуры, цяпер у Беларусі былі рэпрэсаваныя 134 дзеячы культуры. 14 з іх адбываюць крымінальнае пакаранне ў турме; 64 — у калоніі; 17 — знаходзяцца ў СІЗА; 5 адбываюць пакаранне ў выпраўленчых установах адкрытага тыпу (так званая «хімія»), 24 атрымалі пакаранне без накіравання ў выпраўленчыя ўстановы — так званая «хатняя хімія». Месцазнаходжанне 10 зняволеных дзеячаў культуры невядомае.