Новы раман Уладзіміра Някляева выйдзе ў Польшчы

Раман «Гэй Бэн Гіном» аднаго з найбольш вядомых сучасных беларускіх пісьменнікаў Уладзіміра Някляева выйдзе ў Польшчы. Пра гэта паведамляецца на старонцы ў Фэйсбуку Беларускай інтэрнэт-бібліятэкі Kamunikat.

dsc_3202_0_1.jpg


У Беларусі раман друкаваўся часткамі ў часопісе «Дзеяслоў». Выдаць яго зараз асобнай кнігай у Беларусі, на жаль, немагчыма з увагі на прозвішча аўтара і таксама на тэматыку твора. Раман пра загадку смерці Янкі Купалы пісаўся ў 2016-2020 гг. у Мінску, Маскве, Вільні і Ню-Ёрку.


Кніга на беларускай мове выдадзена ў Польшчы Фондам Kamunikat.org.
«Ёсць людзі, — так пачынаецца раман, распавёў Уладзімір Някляеў, — якія бачаць дарогу толькі тады, калі іх па ёй вядуць». Гэта сціслы змест рамана «Гэй Бэн Гіном», ідэя якога ў тым, каб нас не вялі, а каб мы самі выбіралі шлях. Каб мы на ім не страцілі, а тым больш не павыкідвалі сваё. Толькі так, з усім сваім, крэўным, што ад пачатку дадзенае Богам, з усіх шляхоў, якія перад намі, выбіраючы шлях да Беларусі, мы зможам да яе дайсці".


«Мы вельмі хочам, каб трапіла кніга да беларускага чытача, аднак па палітычных прычынах перадаць яе ў Беларусь будзе вельмі цяжка альбо нават і нерэальна», — адзначаюць выдаўцы.
Таму фонд Kamunikat.org разам з партнёрамі ладзіць цыкл прэзентацый рамана з удзелам Уладзіміра Някляева ў гарадах, якія з’яўляюцца найбуйнейшымі цэнтрамі беларускай эміграцыі ў Польшчы і Літве.

zqxy35x3z7au882s47o7qea7l1n3d3yp.jpg

budzma.org