Па БТ паказалі сюжэт пра Міхалка і кавалкі кліпа з «Пагоняй»

Лідар гурта «Ляпіс Трубяцкі» Сяргей Міхалок стаў героем дакументальнай стужкі, прысвечанай зоркам, якія перамаглі сваіх «дэманаў».



mixalok_na_bt.jpg

Лідар негалосна забароненага ў Беларусі гурта «Ляпіс Трубяцкі» Сяргей Міхалок стаў героем дакументальнай стужкі, якая выйшла ў эфір на дзяржаўным тэлеканале «Беларусь 1» у нядзелю, 13 ліпеня. Фільм «Зорнае жыццё. Цела як інтымны дзённік» быў зняты ўкраінскім тэлеканалам СТБ. Стужка прысвечаная заходнім і постсавецкім зоркам, якія перамаглі сваіх «дэманаў» і зафіксавалі гэта ў выглядзе татуіроўкі.
Сярод іншых распавядалася і гісторыя «перанараджэння» Сяргея Міхалка, які здолеў справіцца з алкаголем і наркотыкамі, падняцца з самага дна і працягнуць займацца музыкай. Усё гэта знайшло адлюстраванне на целе музыкі ў выглядзе тату, сэнс якіх тлумачаць аўтары стужкі.
У фільме прысутнічаюць і неверагодныя па мерках БТ рэчы: акрамя ўласна Міхалка дэманструецца ўрывак кліпа «Не быць скотам» з кадрамі, на якіх добра відаць герб «Пагоня», а таксама кавалкі канцэртаў, дзе публіка трымае ў руках бел-чырвона-белыя сцягі.
Нагадаем, «Ляпіс Трубяцкі», а таксама шэраг іншых вядомых беларускіх калектываў і музыкантаў трапілі ў негалосныя «чорныя спісы» пасля прэзідэнцкіх выбараў 2010 года. З таго часу «ляпісы» не далі ніводнага канцэрта на Радзіме. Іх музыку прыбралі з тэле- і радыёэфіру, а сталічная пракуратура нават праводзіла праверку ў дачыненні да Сяргея Міхалка, якога падазравалі ў абразе Аляксандра Лукашэнкі. Аднак у выніку справа распачатая не была.
Пасля таго, як у 2013 годзе лідар гурта «Нейра Дзюбель» Аляксандр Кулінковіч і галоўны рэдактар Еўрарадыё Віталь Зыблюк задалі Лукашэнку пытанні пра забароненых музыкаў, «чорныя спісы» «падкарацілі». Аднак «Ляпіс Трубяцкі» і Зміцер Вайцюшкевіч дагэтуль не могуць легальна выступіць у Беларусі.


euroradio.fm