Пабачыў свет зборнік найгрышаў для навучання танцам «Любанская 10+» (аўдыё)
Прадстаўляем Вашай увазе зборнік танцавальных найгрышаў «Любанская дзясятка плюс» у двух частках.
Аснову зборніка складаюць найгрышы да агульнавядомых танцаў, такіх як лявоніха, кракавяк, карпет, барыня і інш. Рэгіянальныя варыянты харэаграфіі дзесяці гэтых танцаў і ўтвараюць «Любанскую дзясятку танцаў». У зборніку ж змешчана больш танцавальных найгрышаў дзеля лепшага прадстаўлення танцавальнай традыцыі Любаншчыны.
У першую частку зборніка ўвайшлі 26 найгрышаў найбольш вядомых танцаў Любаншчыны ў выканані тутэйшых музыкаў-самавукаў Васіля Семашкевіча (гармонік) і Мікалая Юніцкага (вясельны барабан). Для запісу найгрышаў выкарыстаныя менавіта гэтыя інструменты, бо яны маюць найбольш звыклае для сучаснікаў гучанне.
Найгрышы запісаныя ў павольным тэмпе і прызначаныя для дапамогі ў развучванні танцаў. Спадзяемся, гэта паспрыяе хутчэйшаму разуменню мелодыі і навучанню.
Другая частка зборніка запісаная з удзелам Васіля Семашкевіча (гармонік), Мікалая Юніцкага (вясельны барабан), Дзяніса Сухога (дуда, скрыпка), Станіслава Чавуса (дуда, скрыпка), Сяргея Чубрыка (дуда, цымбалы), Рамана Яраша (кларнэт ці «бэйна»).
Найгрышы запісаныя ў адпаведным тэмпе і выкананыя на музычных інструментах, найбольш характэрных для часоў шырокага бытавання танцаў. Найгрышы да самых старажытных танцаў выкананыя на дудзе, да пазнейшых – на скрыпках і цымбалах, да самых блізкіх нашаму часу – на гармоніку і кларнэце, ці «бэйне», як называлі яго на Любаншчыне. Скрозь, як і было традыцыйна, гучыць барабан.
Такім чынам, зроблена спроба размеркаваць музычныя найгрышы па перыядах узнікнення музычнага матэрыялу і інструментаў ад “дудовай” музыкі да музыкі «гармонікавай».
Зборнік створаныя пры падтрымцы ДУК «Любанскі раённы цэнтр культуры».
Укладанне дыска – Сяргей Выскварка
Дызайн – Настасся Янкоўская
Каардынатар – Настасся Кухарэнка.
Выказваем шчырую падзяку Яўгену Барышнікаву за карысныя парады і дапамогу ў апрацоўцы запісаў.
Пры неабходнасці, можна атрымаць зборнік на DVD-дысках.
Вашыя запыты, пытанні і прапановы чакаем на скрыню nastauka@ethno.by.
Поспехаў у навучанні і лёгкіх ног у танцах!
Паводле Будзьма беларусамі!