Пачаўся прыём заявак на прэмію «Дэбют» імя Максіма Багдановіча

«Дэбют» уганароўвае маладых аўтараў, што працуюць у жанрах, у якіх сябе выяўляў Максім Багдановіч, і ўручаецца ў намінацыях «Проза», «Паэзія», «Мастацкі пераклад».

unnamed__7__12.jpg


Для ўдзелу ў конкурсе да 31 студзеня 2021 году неабходна:
– запоўніць спецыяльную форму;– даслаць на belpencentre@gmail.com электронную версію кнігі з тэмай “Дэбют”;
– дамовіцца аб перадачы 2 папяровых асобнікаў.
Да разгляду прымаюцца дэбютныя кнігі, напісаныя на беларускай мове ці перакладзеныя на яе (намінацыя “Мастацкі пераклад”). Узрост аўтара або перакладчыка — да 35 гадоў на момант выдання.
Па шэрагу прычын летась прэмія не была ўручана, таму ў 2021 годзе ў конкурсе маюць права ўдзельнічаць кнігі, выдадзеныя ў 2019 і 2020 гадах.
Прэмія “Дэбют” імя Максіма Багдановіча ўручаецца з 2011 года. Сярод папярэдніх пераможцаў прэміі — Галіна Сіўчанка, Віталь Рыжкоў, Антон Францішак Брыль, Віктар Марціновіч, Андрэй Адамовіч, Дар’я Трайдэн, Паўліна Вітушчанка, Ганна Янкута, Дзмітры Дзмітрыеў, Кацярына Маціеўская, Таццяна Нядбай, Анатоль Івашчанка, Святлана Рогач, Андрусь Горват, Зараслава Камінская, Ганна Комар, Юля Цімафеева і інш.