Палессе Паўла Куніцкага: вёска з чаротавымі стрэхамі

У пінскім Музеі Беларускага Палесся 16 чэрвеня адкрываецца выстава мясцовага фатографа Паўла Куніцкага, якая дазваляе ўбачыць штодзённае жыццё вёскі Кудрычы, знакамітай сваей архаічнай архітэктурай.

На Ясельдзе. Фота Паўла Куніцкага

На Ясельдзе. Фота Паўла Куніцкага

 Найбольшую вядомасць вёска Кудрычы Пінскага раёна набыла дзякуючы чаротавым стрэхам, якіх сёння ўжо не пабачыш у іншых мясцовасцях, прынамсі ў такой колькасці ў адным месцы.

Паводка. Фота Паўла Куніцкага

Паводка. Фота Паўла Куніцкага

У Кудрычах на сёння — 12 жыхароў, пераважна сталага веку, жывуць з уласнай гаспадаркі. На ўсю вёску — адна карова, некалькі коней. Няма ніякай працы, калгас далёка, моладзь раз’ехалася. Будынкі, крытыя чаротам, паступова разбураюцца, але вёска не губляе папулярнасці сярод турыстаў і фатографаў ужо амаль 100 гадоў.

Адной з першых “адкрыла” Кудрычы свету амерыканская географка Луіза АрнэрБойд, якая наведала Палессе з экспедыцыяй у 1934-м, шукаючы “экзотыку сярод балот”, а ў 1937-м выдала ў Нью-Ёрку фотаальбом “Польская правінцыя” (Піншчына тады ўваходзіла ў склад Другой Рэчы Паспалітай).

Павел Куніцкі

Павел Куніцкі

Павел Куніцкі здымае Кудрычы амаль 10 гадоў. Вёска месцiцца ў рэчышчы Ясельды. Па словах фатографа, “калі талая вада выходзіць з берагоў, то там як у Венецыі: ад хаты да хаты можна дабрацца толькі чоўнам. У 1980-х туды пабудавалі дарогу, а да таго сувязь з горадам была выключна па вадзе — па Ясельдзе, па Прыпяці”.

Перавозка сена. Фота Паўла Куніцкага

Перавозка сена. Фота Паўла Куніцкага

Павел Куніцкі супрацоўнічае як карэспандэнт па Палескім рэгіёне з газетай “Вячэрні Брэст”, для якой робіць рэпартажы ў Пінскім, Лунінецкім, Столінскім, Іванаўскім і Драгічынскім раёнах. Цікавіцца традыцыйнай культурай. Яго папярэдняя фотавыстава была прысвечана, па словах творцы, “народнаму, простаму Палессю. Там былі не гарадскія пасёлкі і не аграгарадкі, а насельніцтва маленькіх вёсачак, што выміраюць, незвычайная прырода, людзі і іх побыт, твары, асобы…

Сані. Фота Паўла Куніцкага

Сані. Фота Паўла Куніцкага

Было выстаўлена 110 фотаздымкаў, спачатку ў пінскім Музеі беларускага Палесся, потым, частка з іх, — у краязнаўчым музеі Лунінца, Музеі выратаваных каштоўнасцей у Брэсце, пружанскім Палацыку, Століне, розных бібліятэках — выстава атрымалася перасоўнай і вандравала каля трох гадоў.

Фота Паўла Куніцкага

Фота Паўла Куніцкага

У выставы пра Кудрычы фактычна тая ж тэма, што і ў папярэдняй — Палессе — але раскрытая на матэрыяле ўсяго адной вёскі, якая захавала да сённяшняга дня сваё аблічча сярэдзіны ХХ стагоддзя. На погляд Паўла Куніцкага, такая архаіка тлумачыцца рацыянальна: “Добра крытая чаротавая страха служыць 70 год. Навошта мяняць на шыферную, калі яна не цячэ? Чарот — вельмі надзейны матэрыял: узімку трымае цеплыню, улетку — прахалоду. Канечне, жылыя будынкі разбураюцца, гаспадары памерлі, іх няма каму даглядаць. А на гаспадарчых пабудовах чаротавыя стрэхі захаваліся ў большай ступені”.

Фота Паўла Куніцкага

Выставу можна паглядзець да восені. Павел Куніцкі плануе выдаць па яе выніках фотаальбом.

p.kunicki_a.liaszkiewicz_img_1246.jpg