Памёр музыка Генадзь Старыкаў
Вядомаму гітарысту было 65 гадоў. Папярэдняя прычына смерці — ацёк лёгкіх.

Памёр вядомы беларускі музыка, гітарыст Генадзь Старыкаў. На пачатку лютага ў музыкі з’явіліся праблемы з сэрцам. Падчас медыцынскага абследавання медыкі заўважылі ўскладненні ў лёгкіх і адправілі яго на лячэнне, паведамляе партал tuzin.fm. Апошнія дні Старыкаў правёў дома, дрэнна сябе адчуваў.
Папярэдняя дата развітання з музыкам — 22 сакавіка. Дакладны час стане вядомым пазней.
Генадзь Старыкаў нарадзіўся ў 1950 годзе ў Мінску. У сярэдзіне 1960-х гадоў пачаў выступаць у складзе сталічных гуртоў. Граў на гітары ў гуртах “2+2”, “Алгарытмы”, “Чародей”, “Факіры”, “Чары”. З 1978 года — у ВІА “Верасы”.
У 1995 годзе Генадзь Старыкаў заснаваў “Стар-клуб” — нефармальнае аб’яднанне музыкаў і аматараў блюза, ладзіў фестываль “Блюз жыве ў Мінску”.
Нагадаем, што нядаўна памёр яшчэ адзін вядомы беларускі гітарыст Уладзімір Угольнік — ён быў паплечнікам і аднадумцам Старыкава.