Памёр пісьменнік Леанід Дайнека
Пра гэта паведамляе ў фэйсбуку Саюз беларускіх пісьменнікаў.
«Сумная навіна: сёння памёр выдатны празаік, сябра Рады СБПЛеанід Мартынавіч Дайнека. Развітанне адбудзецца ў пятніцу ў рытуальнай залі на Альшэўскага.
Выказваем шчырыя спачуванні сям'і, родным і блізкім, і ўсім чытачам Леаніда Мартынавіча.
Пра час развітання будзе паведамлена дадаткова...» — гаворыцца ў паведамленні СБП.
Леанід Дайнека нарадзіўся 28 студзеня 1940 года ў вёсцы Змітраўка 2-я Клічаўскага раёна на Магілёўшчыне. Лаўрэат Літаратурнай прэміі СПБ імя І. Мележа (1988) за раман «Меч князя Вячкі», Дзяржаўнай прэміі Беларусі імя К. Каліноўскага (1990) за творы літаратуры і мастацтва для дзяцей — за гістарычныя раманы «Меч князя Вячкі» і «След ваўкалака».
Скончыў аддзяленне журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэту (1967). Працаваў старшым рэдактарам на Віцебскай студыі тэлебачання, на Беларускім тэлебачанні. У 1972—1989 — адказны сакратар часопіса «Маладосць», з 1989 — загадчык рэдакцыі паэзіі выдавецтва «Мастацкая літаратура». Сябар СП СССР (1970).
Першы верш апублікаваў у 1961. Выдаў кніжкі вершаў «Галасы» (1969), «Бераг чакання» (1972), «Начныя тэлеграмы» (1974), «Мая вясна саракавая» (1979), «Вечнае імгненне» (1985), «Сняжынкі над агнём» вершы і паэмы (1989). Аўтар зборніка апавяданняў «Бацькава крыніца» (1976), раманаў «Людзі і маланкі» (1978), «Запомнім сябе маладымі» (1981), «Футбол на замініраваным полі» (1983), «Меч князя Вячкі» (1987), «След ваўкалака» (1988), «Жалезныя жалуды» (часопіс «Маладосць», 1990).
«Новы Час» смуткуе ў суязі са смерцю пісьменніка.