«PARTY-zan фільм» без партызанаў

У Мінску стартавалі здымкі новай беларускай камедыі «PARTY-zan фільм» сцэнарыста і рэжысёра Андрэя Курэйчыка. Яшчэ адна беларуская стужка пра вайну? Не. І не пра вайну, і не пра партызан у беларускіх балотах.

Андрэй Курэйчык з кампазітарам і сапрадзюсарам Дзмітрыем Фрыгам

Андрэй Курэйчык з кампазітарам і сапрадзюсарам Дзмітрыем Фрыгам


Фільм пра траіх маладых авантурыстах, якія мараць хутка і лёгка разбагацець. Іранічны погляд на беларускі фільммейкінг як на фабрыку па вытворчасці кіно пра вайну.

Героі фільму — маладыя праграміст, бізнесмен і дзяўчына. Два сябра, як і многія іх аднагодкі, вырашаюць разбагацець. І грошы ім патрэбны адразу і  шмат. Пры гэтым яны не прыдумляюць нічога лепшага, як прыкінуцца беларускімі кінапрадзюсарамі маскоўскай кінагрупе, для якой бяруцца зняць некалькі ваенных сцэн.

 

Урывак з першай сцэны:

ДЗЯНІС сядзіць перад камп’ютарам і складае ліст масквічам. ЛЁХА ходзіць за яго спіной туды сюды і шматзначна дыктуе…

ЛЁХА: Кампанія “Партызаны кіно” мае велізарны досвед у вобласці кінавытворчасці…

ДЗЯНІС: Мае?

ЛЕХА: Мае, мае…

ДЗЯНІС: Ох, пасадзяць нас, Лёха…

 

Прадчуванне праблем яго не падводзіць. Модны маскоўскі рэжысёр і знакаміты аператар ужо прыехалі ў Беларусь, на пад'ездзе расійскія кіназоркі… І пачынаючым прадзюсарам цяпер свеціць сутыкненне з бандытамі і турма за махлярства.

Пачатак здымак стужкі адзначыўся канцэртам у бары “Bristle” беларускіх музыкантаў, такіх як Піт Паўлаў (які стаяў у вытокаў N.R.M.), Лявон Вольскі,NAKA, Андрэй Маркуц, Пётр Клюеў і іншыя.

Здымкі працягнуцца прыкладнага да 20 жніўня і пройдуць у Мінску, Брэсце, і паміж Мінскам і Брэстам. Увойдуць у стужку і кадры здымак фільма пра Брэсцкую крэпасць, рэканструкцыя абароны 22 чэрвеня 1941 года, якую Андрэй Курэйчык наведаў сёлета.

 

Герояў для праекта шукалі некалькі месяцаў. Галоўныя ролі выканаюць узыходныя зоркі беларускага тэатра і кіно: Аляксандр Душачкін (у ролі Дзяніс, IT-шніка), Аляксандр Тарасаў (Аляксей, бізнесмен), Аліса Аўчыннік (Марта, дзяўчына з Брэста).

Акрамя маладых артыстаў у “PARTY- zan фільм” прымуць удзел і шмат зорак беларускага кіно. Плануецца, што сыграе і беларуская зорка камедыйнага жанра Эвеліна Сакура, якая бліскуча выканала сваю экстравагантную ролю у “ГараШы”.

 

Чаму такая назва фільма?

Як кажа з пэўным жартам сам Андрэй Курэйчык — партызанскае існаванне, уласцівае беларусам цягам вякоў, мае і культурны кантэкст. І для творчай групы фільма рабіць незалежнае кіно — гэта таксама пэўная культурная партызаншчына.

Апроч таго, назва стужкі не выпадкова толькі сугучная з партызанамі, насамрэч перакладаецца як “Вечарынка-фільм” (“Party”, англ. — “Вечарынка, тусоўка”) і хутчэй будзе нагадваць “Хлапечнік у Вегасе”, ці, больш верна сказаць — у Брэсце. З аднаго боку гэта будзе прыгодніцкая камедыя, з іншага — даследаванне нашай культурнай прасторы: чаму мы з большага з’яўляемся кінобазай для расіян, і самі здымаем вельмі мала, хаця і маем патэнцыял.

Плюс фільм яшчэ з гумарам паказвае беларускую мару: “як зарабіць шмат, хутка і пажадана нічога асоба не робячы”.

 

Стужка з большага рускамоўная, але характэрна, што ў беларускіх фільмах Андрэя Курэйчыка заўсёды ёсць беларуская мова. У “ГараШы” — Багдановіч, у “Вышэй за неба” — Вінсэнт, які размаўляў толькі па-беларуску. І тут будзе герой які будзе гаварыць па-беларуску. Беларускай мовы будзе не шмат, але яна будзе абавязкова ў адным з эпізодаў, адлюстроўваючы рэальную сітуацыю з моваю ў Беларусі.

 

Фільм стане іранічным люстэркам нашай сучаснасці 2016 года. Без усякага  палітычнага падтэксту. Бюджэт фільма пакуль не вядомы, але будзе ў 2-2,5 разы больш, чым у папярэдняй карціны “ГараШ”, на стварэнне якой сышло меньш за 5 тысяч долараў. Пры гэтым каманда ставіць перад сабой задачы дабіцца не камерцыйнага поспеху. Для яе больш важна прывабіць гледача, каб хоць нейкія беларускія фільмы час ад часу прыцягвалі беларускага гледача ў кінатэатры.

Прэзентацыя трэйлера запланавана на 15 лістапада 2016 года. Пракат фільма запланаваны пад Новы год, з 29 снежня 2016 года.