«Паўночнае ззянне» вяртаецца ў online-фармаце

З  21 па 27 верасня Фестываль кіно Паўночных і Балтыйскіх краін «Паўночнае ззянне» вернецца ў Мінск у online-фармаце пасля перапынку з-за пандэміі COVID-19. Упершыню за гісторыю «Паўночнага ззяння» фільмы і майстар-класы будуць транслявацца online праз стрымінгавую беларускую платформу, распрацаванаую ў калабарацыі з партнёрамі фестывалю ー mediatech.by

unnamed_169.png

Зараз вядзецца праца па стварэнні новай стрымінгавай платформы для правядзення кінафестывалю «Паўночнае ззянне» ў online-фармаце. А таксама распрацоўваюцца зручныя інструменты для замовы квіткоў, прагляду стужак і ўдзелу беларускіх і замежных гледачоў у майстар-класах.
Традыцыйна ў межах кінафестывалю будуць паказаныя гульнявыя і дакументальныя поўнаметражныя (і ўпершыню кароткаметражныя) фільмы са Швецыі, Даніі, Фінляндыі, Ісландыі, Нарвегіі, Літвы, Латвіі і Эстоніі. Каля 20 фільмаў асноўнай праграмы 6-га «Паўночнага ззяння» закрануць тэмы, сугучныя сёлетняму слогану СЛУХАЦЬ І ЧУЦЬ. Таксама каманда фестывалю падтрымлівае беларускіх фільммэйкераў, таму ўпершыню на «Паўночным ззянні» адбудзецца пашыраная праграма маладога беларускага кіно.

Слоган і асноўны месэдж сёлетняга фестывалю – СЛУХАЦЬ І ЧУЦЬ – як ніколі актуальны ў кантэксце апошніх падзей у свеце і ў Беларусі. Каманда «Паўночнага ззяння» заклікае сваіх гледачоў практыкавацца ў эмпатыі, клапаціцца пра сябе, сваіх блізкіх і наваколле. Фокус кінафестывалю накіраваны на тое, што важна не толькі слухаць, але і чуць; што эмпатыя – гэта не пра слабасць, гэта – пра ўзаемную павагу і дапамогу.
Адпаведна да 6-га кінафестывалю была зроблена новая візуальная канцэпцыя. У здымках прынялі ўдзел актывістка ініцыятыўнай групы «Маршируй, детка!» Святлана Гатальская, крэатыўны дырэктар і пісьменніца Вера Філенка, яе дачка і маці, а таксама іншыя героі. Сёлета праз візуальную канцэпцыю «Паўночнае ззянне» запрашае даследаваць тэмы эмпатыі, блізкасці, пераемнасці пакаленняў, разбурэння старых узораў паводзінаў.