Пінск страціў чарговы аб’ект старажытнай забудовы

Будынак канца ХІХ стагоддзя знаходзіўся ў гістарычным цэнтры Пінска. Напачатку года ў ім пачаліся рамонтныя працы, у выніку якіх абрынуліся муры, цяпер яго зусім ліквідавалі.



budynak2.jpg

Мясцовыя ўлады паведамляюць, што аб’ект будзе адноўлены, і, магчыма, нават з выкарыстаннем старажытнай цэглы.

Па словах краязнаўцы Эдварда Злобіна, у сучасным Пінску такое не ўпершыню:

— Гэта ж вядомая гісторыя, калі, мякка кажучы, прадстаўнікі органаў гарадской улады настойвалі на зносе двух дамоў: адзін быў на Завальнай, другі — на Першамайскай. Настойліва прасілі знесці, хоць сэнсу ніякага не было, і нібыта яны абавязкова іх адновяць. Так, дом, які быў на Першамайскай, перанеслі на супрацьлеглы бок. Так, ён стаіць, але гэта навабуд, ніякай каштоўнасці ён не ўяўляе.

budynak1_833x400.jpg

Краязнаўца дадае, што амаль кожны год Пінск губляе свае гісторыка-архітэктурныя адметнасці, якія няхай не маштабныя, але захоўваюць каларыт мінуўшчыны. Так, летась у горадзе над Пінай знішчылі будынак турмы ХІХ стагоддзя.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота: media-polesye.by