«Пятровіца» запрашае аматараў танцаў і народных спеваў!
У восьмы раз на Любаншчыне 9-12 ліпеня пройдзе рэгіянальны фэст традыцыйнай культуры «Пятровіца».
Рэгіянальны фэст традыцыйнай культуры «Пятровіца» — гэта навучанне танцам і спевам, рэканструкцыі даўніх абрадаў, жывая музыка, спевы ля вогнiшча і несупынныя танцы, цiкавыя знаёмствы з гасцямі фэсту і шчырымі мясцовымі носьбітамі культуры, родная мова, вольнае паветра вёскі, смачныя традыцыйныя стравы і шмат чаго яшчэ!
У восьмы раз у в. Шыпiлавiчы Любанскага раёна з’едуцца зацiкаўленныя людзi з усёй Беларусі, а таксама блізкага і не надта блізкага замежжа. Прыедуць, каб танцаваць i спяваць, касіць і жаць, хлеб пячы і выцінанкі выразаць, адчуць атмасферу традыцыйных вячорак, адпачыць ад гарадскога шуму і проста добра правесці час.
З 9 па 12 ліпеня вас чакаюць майстар-классы па танцах ад этнахарэографа і фалькларыста Сяргея Выскваркi — мастацкага кіраўніка ўзорнага фальклорнага танцавальнага калектыва «Верабейкі», якому сёлета 25 год. Сяргей Георгіевіч падзеліцца сваімі ведамі, якія атрымаў яшчэ ад сваёй бабулі, а папоўніў і сістэматызаваў ужо падчас сур’ёзнай даследчыцкай працы. «Полька», «Падыспан», «Каханачка», «Нарэчанька», «Кракавяк», «Лявонiха» — гэта няпоўны спiс танцаў, якiя вам пашчасцiць пазнаць на ўласныя ногi.
Акром заняткаў будуць танцы — у любое надвор’е і паўсюль: у сельскім клубе і каля клуба, у старой хаце і на асфальце, у чыстым полі і ў дварах вяскоўцаў.
Удзельнікі Пятровіцы змогуць засвоіць тэхніку традыцыйнага спеву пад кіраўніцтвам Вольгі Емяльянчык, удзельніцы і сузаснавальніцы фальклорнага гурта «GUDA»(Мінск), мастацкага кіраўніка фальклорнага гурта «Варган» (г. Полацк). Вольга Антонаўна дапаможа раскрыць свой голас, навучыць атрымліваць радасць ад супольнага спеву, паглыбiцца ў гукавую стыхію лепшых узораў пятроўскіх абрадавых песень і пазаабрадавай лірыкі Любаншчыны.
У мужчын ёсць унікальная магчымасць павучыцца спевам ад таленавітага і самабытнага Уладзімера Ціханоўскага. Не ўпусціце шанец раскрыць новыя гарызонты свайго голасу.
Інтэнсіўнае навучанне спевам і танцам дае свой плён. Летась у пятроўцаў атрымалася спыніць дождж з дапамогай асаблівага карагода. Арганізатары спадзяюцца на спрыянне і сёлета.
Апроч танцаў і спеваў удзельнікаў фэсту чакаюць вандроўкі ў г. Любань, в. Пласток, в. Жораўка — асобны від эстэтычнага і гастранамічнага задавальнення.
У госці чакаюць удзельнікі гурта Напарачка — каб прадэманстраваць танцы з Любанскай дзясяткі і пачаставаць традыцыйнымі стравамі роднай зямлі.
На сваёй радзіме Сяргей Выскварка пакажа вынікі аднаўлення дзедавага дома, навучыць танцаваць рэдкія мясцовыя танцы, і запросіць на “квас з прыкрасамі”.
У Жораўцы можна будзе паўдзельнічаць у яркім і запамінальным абрадзе Зажынкі, падвысіць прафесіяналізм валодання касой і сярпом. А таксама даведацца аб аўтары маляваных дыванаў П.Марціновічы.Будзе і традыцыйная ўжо вечарына ў вясковай хаце, гаспадар якой, абяцае пачаставаць хатнім півам.
Завершыцца фэст 12 ліпеня ўдзелам у народным свяце «Пятрок» з карагодамі па вёсцы, з замовай агню, з перадачай шчаслівай долі дзяўчатам, з таямніцай абракання, са спальваннем мужчынскіх шапак і пятроўскім кумленнем, з танцамі, забавамі і пятроўскай «абшчыннай юшкай».
Даведацца болей і зарэгістравацца можна на http://piatrovica.by/