Першы вясновы канцэрт. Музыка+паэзія — 5 сакавіка
5 сакавіка запрашаем на першы вясновы канцэрт у Музей Янкі Купалы (вул. Купалы, 4). Пачатак у 19.00. Уваход вольны.
У межах канцэрта адбудзецца прэзентацыя паэтычнай "Кнігі памылак" Юлі Цімафеевай.
Спяваюць: Вольга Акуліч, Наталля Нікіціна.
Чытаюць: Віка Трэнас, Юля Цімафеева.
Пра аўтараў:
Наталля Нікіціна – аўтар-выканаўца, піша песні па-руску і па-беларуску, прытрымліваецца традыцый класічнай бардаўскай песні.
Вольга Акуліч – аўтар-выканаўца, вакалістка рок-гурта “Верасень”, больш схіляецца да блюз-рокавага гучання.
Што аб’ядноўвае гэтых такіх розных аўтараў? Па-першае, даўняе сяброўства. А па-другое – цыкл песень, створаных супольна.
Такім чынам, знаёмцеся з дуэтам:
Наталля Нікіціна (вакал, тэксты, музыка, гіталеле – шасціструнны аналаг укулеле), Вольга Акуліч (гітара). Упершыню дуэт выступіў на фестывалі ў Таліне (Эстонія), а цяпер вырашыў прадставіць сваю праграму мінскай публіцы. Апроч супольнай праграмы, Вольга Акуліч пакажа таксама сваю “праграму без гурта” на рускай і беларускай мовах.
Вікторыя Трэнас (Ляйкоўская) нарадзілася і жыве ў Мінску. Асвоеныя і актыўна ўжываныя прафесіі — літаратурны рэдактар, карэктар, прэс-сакратар, журналіст, арт-менеджэр, прамоўтэр музычных калектываў, адміністратар сайта, кнігагандляр. Піша паэзію, прозу, крытыку і эсэістыку. Аўтар двух вершаваных зборнікаў са складанымі назвамі і глыбокім падтэкстам, натхнёным філасофіяй французскіх пісьменнікаў пачатку 20 ст.
Юля Цімафеева — паэтка, перакладчыца. Адна са стваральніц і сябра рады інтэрнэт-часопіса перакладной літаратуры “ПрайдзіСвет”. Нарадзілася на Брагіншчыне. У 2004 скончыла факультэт ангельскай мовы МДЛУ. Перакладае з ангельскай, партугальскай, гішпанскай моў.
Аўтарка паэтычнага зборніка “Кніга памылак” (Мінск: Галіяфы, 2014), куды ўвайшлі аўтарскія вершы і пераклады. Пра кнігу глядзіце тут: http://lit-bel.org/by/news/5627.html