Пра ўсе Плошчы адразу і з прывітам Малевічу. Pomidor/off прэзентаваў дэбютны кліп (відэа)
Акурат на сваё 15-годдзе гурт Pomidor/off прэзентуе на Tuzin.fm першы афіцыйны кліп. Відэа ў стылі супрэматызму на песню «Дым» зрабіў мастак-аніматар Сяргей Кастрыцкі.
Ініцыятыву зрабіць відэаўвасабленне песні «Дым» выявіў сам мастак. «Мы ніколі дагэтуль не здымалі кліпы на свае песні, а калі і нешта думалі, то не выходзіла са здымачнай групай, ці тое натура сыходзіла, ці банальна не было грошай. Неяк да мяне звярнуўся даўні сябар Сяргей Кастрыцкі, які захацеў намаляваць кліп менавіта на «Дым». Ён атрымаў поўную свабоду, мы ў працэс зусім не ўмешваліся. І тое, што атрымалася па выніку нам усім неймаверна падабаецца», – сказаў з нагоды прэм’еры на Tuzin.fm Аляксандар Памідораў.
Песня «Дым» выйшла на альбоме «Патас/Попс/Прапаганда» (2011). Памідораву хацелася, каб у ёй прагучала сола ў стылі Аляксандра Уракава, які памёр у 2003 годзе, бо ягонай памяці і памяці ўсіх беларускіх музыкаў, якія пайшлі ў іншы свет, і быў першапачаткова прысвечаны твор. Таму на запіс запрасілі сябру і вучня гітарыста Gods Tower Змітра Лазарэнку. Па выніку яна была прызнаная «Песняй году» на апошняй у гісторыі «Рок-Каранацыі» (2011), а пазней увайшла ў лік «100 найвялікшых песень» у апытанні 90 экспэртаў, якое ладзіў Tuzin.fm. Са струнным квартэтам і трохі іншым тэкстам гэтая песня таксама прагучыць у межах праекту «Апошні золак».
«Песня сама па сабе вельмі цікавая і вельмі слушная ў энэргетычным пляне, з пасылам. Памідораў яе пісаў задоўга да Майдана, але ўсё, што мы чуем у ёй, як быццам бы пра ўсе Плошчы, на якіх адбываюцца рэвалюцыі вар’яцтва. Песня настолькі канкрэтная, што нават адчуваеш, як пахнуць пакрышкі, што гараць. Сумна і неаптымістычна, але гэтая песня пра нас», – распавядае рэжысёр кліпа Сяргей Кастрыцкі. Ён кажа, што паставіў перад сабою задачу – стылізаваць анімацыйны ролік у складаным і не ўсімі любімым стылі. Зазірнуць у сыстэму жыцця супрэматычнага сьвету мастаку падказала сама песня, таму і намалявана ўсё ў стылі традыцыйнай віцебскай школы з прывітам Малевічу, Пэну і Кандзінскаму. Для Сяргея гэта ўжо другі аўтарскі кліп – раней ён шыкоўна ўвасобіў песню «На Каляды» Змітра Вайцюшкевіча.
Выхад кліпа на «Дым» прыпаў якраз на 15-годдзе гурта Pomidor/off. Менавіта ў ліпені 2001 году каманда Аляксандра Памідорава далі свой першы канцэрт.
Pomidor/off – Дым (рэжысэр Сяргей Кастрыцкі). Зьмяшчаецца са згоды выканаўцы.
Паводле Tuzin.fm