
Пра новую мінскую культурную пляцоўку пад назвай «Арт Сядзіба», якая існуе ўсяго толькі каля паўгода, ужо паспелі зняць фільм. Дакументальная стужка была створана пры падтрымцы
Асамблеі НДА і студыі «КАПКАНFilm». Саўндтрэкам да фільма паслужыла першая беларускамоўная песня гурта Open Space «Гэта няпроста».
Фільм «Арт Сядзіба: ад ідэі да падзеі» расказвае аб тым, як у ўдзельнікаў каманды «Арт Сядзібы» з’явілася ідэя стварыць такую пляцоўку і як яны ўвасаблялі
яе ў жыццё.
— Стужка наглядна паказвае, што такое «Арт Сядзіба», якое гэта дзіўнае і ўнікальнае месца ў горадзе і пра тое, як гэтае месца жыве і развіваецца ва ўмовах сённяшняй
Беларусі, — расказвае Павал Белавус, дырэктар ІАУ «Амарока», што з’яўляецца ўладальнікам «Арт Сядзібы». — Стварыць гэты
фільм — мая ідэя, а непасрэдна працай над відэа займаўся Аляксандр Крупіна, стваральнік студыі «КАПКАНFilm». У фільме мы выкарысталі разнастайны відэаматэрыял, які
быў створаны наведвальнікамі, арганізатарамі, журналістамі і проста ўдзельнікамі розных мерапрыемстваў, што адбываліся ў «Арт Сядзібе».Таму асноўная праца была ў тым, каб сабраць
усё гэтае відэа ў адзін фільм, — зазначае ён.
Асноўная мэта «Арт Сядзібы» — аб’яднаць актыўную творчую частку насельніцтва беларускай сталіцы. Падобных месцаў у Мінску мала, таму стваральнікі пляцоўкі
стараюцца максімальна выкарыстоўваць яе для ўвасаблення розных творчых ідэй і заўсёды адкрытыя да прапаноў правесці тую ці іншую імпрэзу ў памяшканні «Арт Сядзібы». Розныя
мерапрыемствы — канцэрты, выставы, фестывалі, прэзентацыі, лекцыі і семінары — праходзяць тут ледзь не штодня.