Праект «Беларускія ўікэнды» трапіў у кнігу рэкордаў

Падчас прэм’еры мультфільма «Рыбка Поньё» ў беларускай агучцы паставілі рэкорд. Агульнымі намаганнямі сабралі 560 рыбак-арыгамі. І фігурка рыбкі, і мастацтва арыгамі былі абраны невыпадкова.

_31a4381.jpg

На прэм’еры анімацыйнага мультфільма Хаяо Міядзакі «Рыбка Поньё» у агучцы праекта «Беларускія ўікэнды» быў пастаўлены рэкорд. 21 чэрвеня ў кінатэатры «Масква» агульнымі намаганнямі ўсіх прысутных было сабрана 560 рыбак-арыгамі.

Ініцыятыва незвычайнага рэкорду сыходзіла ад нязменнага партнёра праекта «Беларускія ўікэнды» — кампаніі velcom. За вельмі абмежаваны час — тры хвіліны — усім, хто прысутнічаў на прэм’еры, належала скласці як мага больш папяровых рыбак. У выніку 506 чалавек сабралі 560 фігурак і ўпісалі новую старонку ў Кнігу рэкордаў краін Балтыі і СНД «Дзіва», дзе гэта дасягненне было зафіксавана афіцыйна.

_31a4396.jpg

І фігурка рыбкі, і мастацтва арыгамі былі абраны невыпадкова: галоўная гераіня новага фільма, які прадстаўляе гледачам праект «Беларускія ўікенды», — рыбка. А арыгамі, як і анімэ, з’яўляецца адным з самых вядомых сімвалаў як традыцыйнай, так і сучаснай Японіі. Дарэчы, амбасадар Японіі ў Рэспубліцы Беларусь спадар Хірокі Такунага таксама прысутнічаў на мерапрыемстве і стаў не толькі сведкам, але і актыўным удзельнікам рэкорду.

_31a4370.jpg

«Прагляды фільмаў праекта «Беларускія ўікэнды» заўсёды збіраюць вялікую глядацкую аўдыторыю. Не стаў выключэннем і прэм’ерны паказ сусветна вядомага анімэ «Рыбка Поньё». І менавіта дзякуючы такой актыўнай увазе да праекта з боку гледачоў ў нас атрымалася ўпісаць яшчэ адну беларускую старонку ў міжнародную кнігу рэкордаў «Дзіва», — адзначыў кіраўнік аддзела карпаратыўных камунікацый velcom Мікалай Брэдзелеў.

Пасля таго, як рэкорд быў афіцыйна зафіксаваны ў прысутнасці прадстаўніка Кнігі рэкордаў краін Балтыі і СНД «Дзіва» Аляксандра Калініна, усе рыбкі былі сабраныя для перадачы ў падарунак выхаванцам Дзіцячага дома-інтэрнату для дзяцей-інвалідаў з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця.

_31a4429.jpg

Паказы «Рыбкі Поньё» пройдуць з 22 па 1 ліпеня — у кінатэатрах сеткі Silver Screen — velcom cinema, Arena City і Galileo, з 21 па 24 чэрвеня ў кінатэатры «Масква», з 25 па 27 чэрвеня — у кінатэатры «Піянер».

«Агулкам ва ўсіх кінатэатрах адбудзецца 50 сеансаў для ўсіх жадаючых убачыць, як героі «Рыбкі Поньё», створаныя выдатным рэжысёрам Хаяо Міядзакі, будуць размаўляць па-беларуску. Такая вялікая колькасць сеансаў за такі кароткі абмежак часу — таксама адзін з рэкордаў праекта «Беларускія ўікэнды». Для нас гэта лепшае сведчанне яго паспяховага развіцця і запатрабаванасці», — адзначыў кіраўнік праекта «Беларускія ўікэнды» Андрэй Кім.

Свае галасы героям мультфільма падаравалі беларускія акцёры Святлана Цімохіна, Святлана Анікей, Наталля Кот, Павал Харланчук, Алесь Малчанаў і тэлевядучы Яўген Перлін.

_31a4460.jpg

«Рыбка Поньё» дзясяты па ліку поўнаметражны фільм Хаяо Міядзакі, уладальніка ганаровай Прэміі «Оскар» за выдатныя заслугі ў кінематографе і аўтара такіх знакамітых работ, як «Знесеныя прывідамі» і «Хадзячы замак». Сама стужка ў 2008 годзе была намінаваная на «Залатога льва» галоўны прыз Венецыянскага кінафестывалю, і ўганараваная дзвюма спецыяльнымі ўзнагародамі гэтага прэстыжнага кінафоруму, а годам пазней стала лепшым анімацыйным фільмам па меркаванні Японскай акадэміі. Падрабязнасці на сайце kinakong.by.