Праект «Гуляй з зоркай» стартаваў у Беларусі
Першая гульня праекта «Гуляй з зоркай» прайшла ў ваколіцах Мінска напярэдадні Калядаў.
Аўтарамі ідэі выступіў клуб вайсковага лазертагу “Палігон Б7”, які запрасіў паспаборнічаць вядомых беларускіх музыкаў і іх фанатаў. У дэбютнай серыі гульняў з прыхільнікамі сваёй творчасці на “полі бою” сустрэліся музыкі гурта Re1ikt.
“Калі праца на студыі стала падобная да шэрай руціны (а мы няспынна стваралі новы альбом цэлы 2018 год), неяк па-чалавечы захацелася разам пабегаць па заснежаным лесе, зноў адчуць сябе падлеткамі, якія лётаюць па зімовых прасторах — не ўсё ж з інструментамі ў чатырох сценах сядзець”, — дзеліцца ўражаннямі лідар Re1ikt бубнач Аляксандр Дземідзенка.
Шчаслівымі ўдзельнікамі і ўдзельніцай каманды фанатаў-аматараў лазертагу сталі пераможцы адмысловага інтэрнэт-конкурсу. І хоць у каманды зорак не было “баявога” досведу, яна вытрымала зададзены тэмп гульні, а бліжэй да сярэдзіны нават перахапіла тактычную ініцыятыву.
“Атрымаўся добры, як кажуць, "цімбілдзінг" – усе ногі мокрыя, але ніхто не захварэў. Падумваем нават зрабіць сваю каманду. І, ведаеце, такія вылазкі нам дапамагаюць крыху аднавіцца ў творчым плане і даюць энергію працягваць працу”, – падсумоўвае музыка.
Наступная гульня праекта “Гуляй з зоркай” з удзелам гуртоў “Росы” і “Рокаш” пройдзе 26 студзеня. Клуб вайсковага лазертагу “Палігон Б7” больш за 5 гадоў арганізоўвае і праводзіць тактычныя гульні. У яго складзе прафесійныя інструктары – былыя кадравыя вайскоўцы і супрацоўнікі міліцыі.
Гурт Re1ikt грае музыку ў стылі world rock, спалучаючы традыцыйны беларускі песенны фальклор з актуальнымі рок-кірункамі, крэатыўна выкарыстоўвае незвычайныя гітарныя эфекты, а таксама народныя духавыя і перкусійныя інструменты. У кампазіцыях каманды знітаваліся палескі шаманізм, аўтэнтычны драйв і таямнічы беларускі космас.
Калектыў з’яўляецца ўладальнікам шэрагу музычных узнагарод у Польшчы і Беларусі, выступаў ва Украіне, у Літве і Расіі.
Паводле прэс-рэліза