Прайшоў пекла і выжыў. 120 гадоў з дня нараджэння Гаўрылы Гарэцкага

Знакаміты беларускі навуковец Гаўрыла Гарэцкі нарадзіўся 10 красавіка 1900 году ў вёсцы Малая Багацькаўка Мсьціслаўскага павету ў сям’і Івана і Еўфрасінні Гарэцкіх. У нашай гісторыі ён ведамы як геолаг, географ, эканаміст, адзін з заснавальнікаў і акадэмік Беларускай акадэміі навук, дырэктар Беларускага навукова-даследчага інстытуту сельскай і лясной гаспадаркі, заслужаны дзеяч навукі Беларусі. З яго сям’і выйшаў і вядомы беларускі пісьменнік Максім Гарэцкі — старэйшы брат Гаўрылы.

Гаўрыла і Максім Гарэцкія

Гаўрыла і Максім Гарэцкія

У 1914 годзе Гаўрыла Гарэцкі паступіў у Гора-Горацкую каморніцка-агранамічную вучэльню. У 1917-19 гадах супрацаваў з Беларускай секцыяй студэнтаў Горацкага сельскагаспадарчага інстытуту. У 1923-ім ажаніўся з Ларысай Парфяновіч. У 1924-ым скончыў Пятроўскую (Ціміразеўскую) сельскагаспадарчую акадэмію. Працаваў дацэнтам Беларускай сельскагаспадарчай акадэміі, дырэктарам Беларускага НДІ сельскай і лясной гаспадаркі.

Гаўрыла Гарэцкі з жонкай Ларысай і сынам Усяславам. 1928 год.

Гаўрыла Гарэцкі з жонкай Ларысай і сынам Усяславам. 1928 год.

Упершыню Гарэцкі быў арыштаваны чэкістамі ў верасні 1922 года ў Маскве, але праз месяц вызвалены. 24 ліпеня 1930 году арыштаваны ДПУ БССР па справе так званай «Працоўнай сялянскай партыі», неўзабаве пазбаўлены звання акадэміка. Асуджаны паводле пастановы калегіі АДПУ 30 траўня 1931 як «кіраўнік контррэвалюцыйнай арганізацыі» да вышэйшай меры пакарання — расстрэлу. Але ў чэрвені прысуд заменены на 10 гадоў савецкага канцлагеру. Этапаваны ў Беламорска-Балтыйскі канцлагер НКВД Карэла-Фінскай АССР.

Гаўрыла Гарэцкі ў турме. Менск, 1930 г.

Гаўрыла Гарэцкі ў турме. Менск, 1930 г.

Вызвалены датэрмінова 5 кастрычніка 1934 года. Зноў арыштаваны у кастрычніку 1937-га, праз тры месяцы вызвалены. У 1938 годзе арыштаваны чарговы раз. 8 траўня 1938 асуджаны да расстрэлу. Больш за год прабыў у турме, але цудам застаўся жывым. Гаўрыла Гарэцкі — гэта чалавек, які прайшоў пекла савецкіх турмаў і сапраўды ацалеў.
Пазней жыў у розных мясцінах Расеі, праводзіў iнжынерна-геалагiчныя даследаванні перад узвядзеннем гiдратэхнiчных збудаванняў: Цымлянская, Горкаўская, Ніжне-Камская ГЭС і іншыя.
Рэабілітаваны 22 красавіка 1958 году ваенным трыбуналам. У 1969-ым разам з сям’ёй вярнуўся настала ў Мінск. Меў двух сыноў. Адзін з іх — Радзім Гарэцкі — таксама выдатны вучоны і грамадскі дзеяч. Доўгачаканае спатканне з Бацькаўшчынай па-сапраўднаму акрыліла вучонага, надало яму новай творчай энергіі.
Гарэцкі быў адноўлены ў званні акадэміка. Многія гады працаваў загадчыкам аддзелу (з 1977 лабараторыі) геалогіі і палеапатамалогіі антрапагену Інстытуту геахіміі і геафізікі АН БССР. Навуковыя даследзіны Гаўрылы Гарэцкага былі прысвечаны эканамічнай геаграфіі, геалогіі антрапагену і інжынернай геалогіі. Распрацаваў асновы палеапатамалогіі — навукі пра рэкі мінулага. Апублікаваў больш за 160 навуковых працаў — па фальклоры, дэмаграфіі, эканоміцы сельскай лясной гаспадаркі, археалогіі. Стварыў таксама невялікі расейска-беларускі слоўнік. Памёр Гаўрыла Гарэцкі 20 лістапада 1988 году ў Менску.
Пахаваны на сталічных Паўночных могілках. На магіле помнік аўтарскай працы скульптара Валер’яна Янушкевіча. У 2002-ім годзе ў «Беларускім кнігазборы» выйшаў том выбраных твораў Гаўрылы Гарэцкага. Апроч іншага там змешчана і частка эпісталярнай спадчыны навукоўца і беларускага грамадскага дзеяча.
Падрыхтаваў Уладзімір Хільмановіч, Беларускае Радыё Рацыя