Прэзентацыя кнігі Анатоля Тараса «Краткий курс истории Беларуси IX-XXI веков»

Адбылася вечарам 18 верасня ў Мінску. У 544-старонкавым добра ілюстраваным навукова-папулярным выданні з серыі «Невядомая гісторыя» з пазіцый нацыянальнай гісторыяграфіі адлюстраваны вузлавыя пытанні палітычнага і ваеннага мінулага Бацькаўшчыны за 1.200 гадоў. 



taras.jpg

Кнігу накладам ў 100 паасабнікаў выдала грамадскае аб’яднанне «Інстытут беларускай гісторыі і культуры» (ІБГК), зарэгістраванае ў Рызе (Латвія). У другой палове красавіка ў сталіцы Беларусі масавым накладам ў 2 тысячы паасобнікаў пабачыць свет другое выданне кнігі, якое можна будзе набыць у кнігарнях краіны.
Як адзначыў навуковы сакратар ІБГК, аўтар выдання, прафесар Анатоль Тарас, кніга стала мажлівай пасля рэалізацыі дзвюх папярэдніх праектаў: курсу лекцый па гісторыі Беларусі ад старажытнасці да сучаснасці, прачытанага для грамадскасці з верасня 2011 па лістапад 2012 гадоў, а таксама падрыхтоўцы сцэнарыяў 50 анімацыйных фільмаў з серыі «Летапісь беларускай гісторыі», напісаных восенню мінулага году.
Сярод таго, што вылучае ягоную працу ад выданняў іншых аўтараў на гэтую тэму, Тарас назваў наступнае:
— Кніга напісана з метадалогіі канцэпцыі лакальных цывілізацый Арнольда Джозэфа Тойнбі і Льва Гумілёва.
— Адмова ад тэорыі марксізму пра прымат вытворчых адносін над ідэалогіяй. Не практыка вызначае ідэю, а ідэя вызначае практыку.
— Спроба паказаць эстафету лакальных цывілізацый на землях Беларусі: ад першых княстваў да Полацкага княства, Вялікага Княства Літоўскага, знаходжання ў складзе Рэчы Паспалітай, 220-гадовага расійскага каланіяльнага прыгнечання, марыянетачнай псеўдадзяржавы БССР ў складзе Савецкага Саюза і незалежнай Рэспублікі Беларусь.
— Сцверджанне, што ўсе нашыя продкі былі тутэйшымі і нязменнымі ў генетычным і антрапалагічным аспектах на працягу шматлікіх стагоддзяў, пра што сведчаць сучасныя навуковыя дадзеныя.
— Славянізацыя розных плямёнаў, якія насялялі беларускія землі, адбывалася ў выніку паступовага пераходу на агульныя мову, духоўную і матэрыяльную культуру.
— Аспрэчанне шматлікіх выдумак гісторыкаў суседніх краінаў, якія ганьбяць нашых продкаў і прыніжаюць веліч іх здзяйсненяў.
— Увесь шлях камуністычнага будаўніцтва ў адной, асобна ўзятай краіне, узведзены ў ранг філасофіі, з’яўляецца шляхам бясконцай страшэннай людской трагедыі, заснаваным на чалавечых пачуццях хітрасці, зайздрасці і нянавісці.
Пры гэтым Анатоль Тарас падкрэсліў, што кожная новая генерацыя людзей па-свойму перапісвае гісторыю, бо глядзіць на сваё мінулае інакш, чым папярэднікі.
Сярод запланаваных на бліжэйшы час найбольш важных мерапрыемстваў ІБГК яго дырэктар Віктар Яўмененка назваў навукова-практычныя канферэнцыі па трансфармацыі ментальнасці беларусаў у XXI стагоддзі (23 лістапада) і з нагоды 150-годдзя нацыянальна-вызвольнага паўстання супраць расійскага самаўладдзя 1863-1864 гадоў пад кіраўніцтвам Кастуся Каліноўскага (снежань). Акрамя таго, да гэтых канферэнцый інстытут выпусціць зборнікі дакладаў і працягне працу па падрыхтоўцы навукова-папулярных выданняў, прысвечаных айчыннаму мінуламу. І калі на сённяшні дзень ў розных серыях інстытутам выдана 68 кніг, дык праз год гэтая лічба можа павялічыцца да 100, сказаў Віктар Яўмененка.