«Прыбіраюць усіх, хто асуджаў гвалт». У Купалаўскім працягваюцца звальненні

У Купалаўскім, верагодна, працягваюць звальняць тых, хто пасля выбараў выказаўся супраць гвалту і падтрымаў артыстаў, якія звольніліся ў знак пратэсту. Пра гэта «Нашай Ніве» распавёў цяпер ужо экс-прэс-сакратар тэатра Мікалай Заяц.

photo_2021_04_05_17_34_55_6gdoc.jpg

У загадзе на звальненне самога Мікалая ад 31 сакавіка прычыну пазначылі так: «У сувязі з прыёмам на працу работніка, для якога гэтае месца будзе асноўным».

Справа ў тым, што Мікалай працаваў у Купалаўскім па сумяшчальніцтве — на 0,5 стаўкі. У пачатку жніўня 2020 года ён планаваў зрабіць тэатр асноўным месцам, але не паспеў:

«21 жніўня 2020 года маю пасаду вывелі ў прастой. У ім я знаходзіўся да звальнення. Падчас прастою заробак складаў 2/3 ад акладу. У нашым выпадку прастой быў без абавязку прысутнічаць на працоўным месцы, таму і нейкіх канкрэтных задач ні часовае кіраўніцтва, ні новае не ставілі. На днях мне прыйшоў ліст, дзе паведамлялася пра маё звальненне. З новым кіраўніцтвам я і сам не планаваў працаваць, чакаў вываду з прастою і збіраўся звальняцца, таму агулам для мяне гэта добрая навіна.

Раней тэатр быў месцам, дзе гуртавалася інтэлігенцыя, дзе жыла беларуская культура. На пасаду прэс-сакратара Купалаўскага я прыйшоў у 2020-м годзе. Было некалькі сумоўяў, апошняе з іх праводзіў Павел Латушка. Было бачна, што гэты чалавек цалкам адданы працы на карысць беларускай культуры. На жаль, сённяшняя ўстанова пачынае адыходзіць ад ранейшых ідэалаў».

167838951_3753600238009135_1015147636868869321_n_br94n.jpg