«Прыйшлі засранцы, папсавалі танцы»
Арганзатары фальклорнага свята «У госці да дзядзькі Ігната», якое мела адбыцца 17 жніўня ў мястэчку Празарокі (Глыбоцкі раён), перанеслі мерапрыемства на хутар «Шаблі» ў Валожынскім раёне. Інфармацыя пра гэта з’явілася 12 жніўня, за пяць дзён да свята.

Мерапрыемства ў Празароках было сарвана з-за рознагалоссяў з Глыбоцкім райвыканкамам. Чыноўнікі спачатку паабяцалі дапамагчы ў арганізацыі, ды раптоўна адмовіліся. Арганізатар свята Андрэй
Жураўскі не пажадаў разгалошваць падрабязнасці. Ён кажа, што наўпроставай забароны не было, але «стала зразумела, што ў Празароках свята не атрымалася б».
Празарокі былі абраныя месцам правядзення мерапрыемства не выпадкова. Побач з мястэчкам быў фальварак Палевачы, гаспадар якога Ігнат Буйніцкі ў пачатку ХХ стагоддзя заснаваў першы беларускі
прафесійны тэатр, упершыню вывеў на сцэну беларускі «мужыцкі» танец.
«Пра свята ў гонар Буйніцкага дамаўляліся з мінулай восені. Згадзіліся дапамагчы школа, сельсавет, дом культуры», — кажа Сяргей Выскварка, кіраўнік фальклорнага
ансамбля «Верабейкі» з Любані (Мінская вобласць), які меўся быць адным з хэдлайнераў мерапрыемства.
Планавалася, што на мерапрыемстве выступяць народныя музыкі, будуць гучаць беларускія вершы і спевы, адбудуцца майстар-класы беларускіх танцаў. З традыцыйных танцаў мусіла складацца
этнадыскатэка, якой планавалі завяршыць свята. У Празарокі збіраліся прыехаць маладыя людзі з Мінска і Віцебска.
«Мабыць, глыбоцкая ідэалогія ўгледзела ў мерапрыемстве апазіцыйнасць — суполка на беларускай мове, моладзь збіраецца самастойна
прыехаць…», — мяркуе Сяргей Выскварка.
«Мы будзем танцаваць, весяліцца, спяваць песні, а Глыбоцкі раён няхай святкуе свае сіліконавыя святы», — напісаў у сацыяльнай сетцы «ВКонтакте» Андрэй Жураўскі.
У Шаблях
Танцавальная вечарына ў гонар заснавальніка першага прафесійнага нацыянальнага беларускага тэатру Ігната Буйніцкага пройдзе 17 жніўня на хутары «Шаблі» ў вёсцы Малое Запруддзе
Валожынскага раёна. Пачатак у 15:00. Уваход вольны.
Наведнікаў чакаюць майстар-класы па беларускіх народных танцах, песні, гульні, вершы. Арганізатары вечарыны рыхтуюць сапраўднае свята для аматараў беларускай народнай культуры.
Як даехаць у Шаблі
Вёска Малое Запруддзе знаходзіцца за тры кіламетры на поўнач ад чыгуначнай станцыі «Валожын». Даехаць можна рэгіянальным цягніком Маладзечна – Ліда (адпр. 08:38,
12:41).
Кантакты: +375 29 171 82 92 (Андрэй).
(Увага! Станцыя «Валожын» знаходзіцца за 17 км. ад горада Валожын).
P.S.«Прыйшлі засранцы, папсавалі танцы», — гэта не характарыстыка глыбоцкіх чыноўнікаў, а радок з песні вядомага гарадзенскага барда Віктара
Шалкевіча «Кароткая гісторыя Беларусі».