Разблакавалі рахункі трох беларускамоўных выдаўцоў і распаўсюднікаў

«Беларускі кнігазабор», «Янушкевіч» і Knihi.by сінхронна атрымалі паведамленні пра магчымасць зноў карыстацца банкаўскімі рахункамі.

Ілюстрацыйнае фота 

Ілюстрацыйнае фота 


Справа, якая была ўспрынятая грамадскасцю як пагром беларускамоўных культурных асяродкаў, выдыхлася. 8 чэрвеня стала вядома пра разблакаванне банкаўскіх рахункаў двух выдавецтваў і аднаго кнігараспаўсюдніка. Аб'ядноўвала тры гэтыя прадпрыемствы толькі адно: яны выпускалі і прадавалі беларускамоўныя кнігі, ні адзін з іх не займаўся грамадска-палітычнай прадукцыяй. Усе трое працавалі без дзяржаўных датацый, піша «Наша Ніва».

«З сёння ў нас зноў запрацавала аплата анлайн (банкаўскай карткай і АРІП), будзе пакрысе адкрывацца паштовая дастаўка за мяжу. Банкаўскія рахункі сталі даступныя для працы, мы паспелі за сёння заплаціць друкарням у розных краінах за друк, а праваўладальнікам — за ліцэнзіі. Чакайце добрых навін!» — паведаміў учора тэлеграм-канал выдавецтва «Янушкевіч».

«146 дзён фінансавай блакады "Кнігазбор" вытрымаў! Рахункі разблакавалі. Днямі супрацоўнікі атрымаюць першы заробак у 2021!» — напісаў у Фэйсбуку Генік Вінярскі, і гэты допіс сабраў сотні лайкаў і рэпостаў.

Але пры гэтым Дэпартамент фінансавых расследаванняў Камітэта дзяржкантролю дагэтуль не вярнуў кнігарні Knihi.by забраную «для праверкі» прадукцыю.

Прабачэнні за тое, што адбылося, беларускамоўным выдаўцам ніхто не прынёс, пра выплату кампенсацыі за фінансавыя страты таксама няма гаворкі.