Re1ikt прэзентуе на біс найлепшы рок-альбом 2015 года

Напярэдадні выхаду новага альбома беларускі фолк-рок гурт Re1ikt выканае кампазіцыі з дыска «Лекавыя травы» ў мінскім ТNT Rock Club 25 верасня.

re1ikt2509tnt.jpg


«Мы гралі гэтую праграму цалкам толькі аднойчы, таму да таго як з'явіцца новы рэліз, хочам зайграць зноў — для ўсіх, хто быў на прэзентацыі, а таксама для тых, хто не змог на яе трапіць», — кажа лідар гурта Re1ikt бубнач Аляксандр Дземідзенка.
У альбом «Лекавыя травы» ўвайшлі народныя песні з розных куткоў палескага і іншых рэгіёнаў Беларусі, а таксама кампазіцыі, складзеныя ўдзельнікамі каманды паводле твораў класікаў беларускай літаратуры: «Драўляны Дзядок і кабета Інсекта» Яна Баршчэўскага і «Балотны агонь» Якуба Коласа.
Прэзентацыя дыска з аншлагам прайшла ў сталічным клубе Re:Public 7 снежня 2015 года. Ён быў добра прыняты слухачамі і крытыкамі ды атрымаў шэраг узнагарод: «Альбом года» — прэмія «Даём рады»; «Найлепшы рок-альбом», «Прыз народных экспертаў», «Прыз штатных экспертаў» — партал Experty.by; «Артыст года», «Альбом года» — прэмія Rock Profi. Найлепшым «Лекавыя травы» таксама назваў амерыканскі тэлевядучы Мэт О’Донэл.
На канцэрце 25 верасня апроч насычанай музычнай праграмы слухачоў чакаюць шматлікія сюрпрызы. Таксама музыкі абяцаюць адкрыць таямніцу, як будзе гучаць іх новы альбом, які з’явіцца ўжо гэтай восенню.
Re1ikt — беларускі гурт, які працуе ў напрамках progressive rock, post-rock і alternative rock. Каманда спалучае іх з традыцыйным беларускім песенным фальклорам, які творча пераасэнсоўвае і робіць актуальным для сучаснага слухача. Калектыў з'яўляецца уладальнікам музычных узнагарод у Польшчы і Беларусі, выступаў ва Украіне, у Літве, Расіі.


Паводле прэс-рэлізу