Re1ikt выступіць разам з фіналістамі «Заспявай 3.0»
Гурт Re1ikt выступіць 5 жніўня ў дворыку на плошчы Свабоды, 4 разам з фіналістамі конкурсу «Заспявай 3.0» — Янам Жанчаком, Яўгенам Цярэнцьевым і гуртом Teleport ды гуртом U.G.Oslavia
Гурт Re1ikt сабраў усе магчымыя ў Беларусі ўзнагароды ў апошнія гады. Cёлета іх праца “Лекавыя травы” была названая іншымі беларускімі музыкамі “Альбомам году” на прэміі Rock Profi, а сам гурт названы “Артыстам году”. На ўзнагародах Experty.by гэты ж альбом быў прызнаны найлепшым рок-альбомам, а таксама альбомам году па версіях штатных экспертаў і народных экспертаў. А да гэтага гурт перамог у шэрагу беларускіх і польскіх фэстаў, а таксама атрымаў званне “Герояў году” ад Tuzin.fm. 5 жніўня музыкі сыграюць акустычную праграму поўным складам, якая складаецца як з добра вядомых песень, так і нечаканых і рарытэтных трэкаў. Адмыслова да гэтага выступу Tuzin.fm склаў топ-12 найлепшых песень у выкананні самай магічнай рок-каманды краіны.
https://soundcloud.com/tuzinhitou/sets/re1ikt-12-2006-2016
У гэты вечар выступіць адзін з фаварытаў у намінацыі “Спяваная паэзія” Ян Жанчак. 32-гадовы выканаўца вядомы з удзелу ў такіх гуртах як “Песняры” (п/к Барткевіча), In Search For, Яnkey. Сёлета ён дэбютаваў з сваім сольным праектам. На конкурс спявак падаў песню “Успаміны”, напісаную на верш бацькі, паэта Барыса Жанчака. Сярод фаварытаў конкурсу яе назвалі сябры журы Алег Хаменка і Яўген Карпаў. У выпадку перамогі, Ян хацеў бы ўкласці грошы, атрыманыя ў якасці прызу, у свой дэбютны сольны альбом.
https://soundcloud.com/tuzinhitou/cdiqnioydjtx
5 жніўня выступіць з сэтам таксама адзін з прэтэндэнтаў на перамогу ў намінацыі “Замежны пераклад” Яўген Цярэнцьеў з гуртом Teleport. Летась выканаўца ўжо ўдзельнічаў у конкурсе і быў адзначаны ў ліку лаўрэатаў у намінацыі “Беларускі кавер” за інтэрпрэтацыю “песняроўскага” шэдэўра “Зачараваная”. Гэтым разам Яўген падаў заяву адразу ў дзве намінацыі — у “Беларускі кавер” песню “Вераніка” (зусім крыху ёй не хапіла, каб трапіць у фінал), а ў “Замежны пераклад” — беларускамоўную версію песні расейскага гурта “Кипелов” — “Ноч у ліпні”, дзякуючы якой і трапіў у другі раўнд конкурсу. Cярод найлепшых гэтую песню назвалі Сяргей Пукст і Павал Бераговіч. У выпадку перамогі Яўген хацеў бы ўкласці прызавыя грошы ў развіццё свайго гурта.
https://soundcloud.com/tuzinhitou/cover-1
Трэцім з фіналістаў “Заспявай 3.0” у гэты вечар выступіць гурт, які прэтэндуе на перамогу ў намінацыі “Беларускі кавер” — U.G.Oslavia, якія зрабілі сваю версію знакавай песні N.R.M. — “Фабрыка”. Сярод сябраў журы яна надзвычай захапіла Глеба Лабадзенку і Ганну Янкуту. Сваю творчасць музыкі пазіцыянуюць як “рок-н-рол і бла-бла-бла”, актыўна выступаюць, а летась былі намінаваныя ў намінацыі “Дэбют году” на прэміі Rock Profi. У выпадку перамогі ў конкурсе, музыкі мяркуюць зняць кліп.
https://soundcloud.com/tuzinhitou/ugoslavia-nrm
Весці канцэрт «Заспявай 3.0» будзе Алег Хаменка. У продажы толькі 50 квіткоў.
За ўсіх фіналістаў конкурсу можна таксама прагаласаваць на сайце Talaka.by, дзе ідзе вызначэнне найлепшага на меркаванне народнага журы.
5 жніўня. Мінск, Chill Out (плошча Свабоды, 4, унутраны дворык). 19.00–22.00. Re1ikt + фіналісты «Заспявай 3.0»: Ян Жанчак, Яўген Цярэнцьеў і Teleport, U.G.Oslavia.
Інфармацыя: +375 29 687-20-93.