Рэлігійная музыка Манюшкі прагучыць у Мінску
Напярэдадні 200-гадовага юбілею Станіслава Манюшкі, які сёлета святкуецца ва ўсім свеце, 2 сакавіка адбудзецца канцэрт вакальнай і арганнай музыкі «Да Цябе, Божа».

Слухачы пазнаёмяцца з малавядомай іпастассю кампазітара: як літургічнага арганіста і аўтара духоўных твораў.
Вакальная музыка Манюшкі прагучыць у трох мовах: польскай, лацінскай і беларускай. Пераклады на беларускую былі зроблены спецыяльна для дадзенай праграмы Святленай Немагай з мэтай наблізіць творчасць кампазітара да сёняшняга слухача. Канцэрт будзе суправаджацца чытаннем успамінаў родных і сучаснікаў Манюшкі, а таксама выказваннямі самога кампазітара аб рэлігійнай музыцы.
Праграма прагучыць у выкананні салісткі Белдзяржфілармоніі, лаўрэата міжнародных і нацыянальных конкурсаў Тамары Рэмез (сапрана) і музыказнаўцы-беларусіста, арганісткі Святлены Немагай.
Канцэрт адбудзецца ў мінскім касцёле Найсвяцейшай Тройцы (святога Роха) на Залатой Горцы (пр. Незалежнасці 44а). Пачатак а 20.00. Уваход вольны.
Паводле прэс-рэлізу