Рыцар беларускага адраджэння (фота)
У Мастацкай галерэі Міхаіла Савіцкага 10 студзеня адбылося закрыццё персанальнай выставы выбітнага беларускага жывапісца Віктара Маркаўца «Заслаўе. Жывапісныя імпрэсіі старога горада», якая доўжылася з 16 снежня.
На сустрэчу з творамі Віктара Маркаўца прыйшлі ягоныя сябры, паплечнікі і сваякі. Сярод іх — паэт Алесь Разанаў, мастакі Алесь Мара і Ягор Батальёнак, выдавец Зміцер Санька. Яны падзяліліся ўспамінамі пра жыццё мастака, ягоную творчасць і чалавечыя якасці. Вось чаму гэтую падзею можна назваць своеасаблівым прысвячэннем Віктару Маркаўцу як аднаму з рыцараў беларускага адраджэння (па трапнай характарыстыцы старшыні суполкі «Пагоня» Беларускага саюзу мастакоў Генадзя Драздова).
Майстар гістарычнага жывапісу і тэматычнай карціны, краявіду, партрэта і нацюрморта, Віктар Маркавец (05.08.1947, горад Докшыцы, што на Віцебшчыне — 17.09.2013) атрымаў адукацыю жывапісца ў Беларускім дзяржаўным тэатральна-мастацкім інстытуце.
![vm_17_logo.jpg vm_17_logo.jpg](/img/v1/userfiles/images/vm_17_logo.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Яўнут Гедзімінавіч
У 1980 годзе за серыю жывапісных карцін «Свята ў Докшыцах», «Дзед Алесь і бабка Марылька», а таксама «Купалле» ўзнагароджаны прэміяй камсамола Беларусі. Шэраг сваіх персанальных выстаў Віктар Маркавец прысвяціў Заслаўю, куды мастак пераехаў з Мінска ў 1992 годзе.
Але гэты прыгожы, таленавіты і надзвычай працавіты чалавек увайшоў у найноўшую гісторыю айчыннага мастацтва не толькі сваімі адметнымі працамі, што вылучаюцца адзінствам кампазіцыі і колеру, строгай акрэсленасцю малюнка, але і мужнай грамадзянскай пазіцыяй.
![vm_13_logo.jpg vm_13_logo.jpg](/img/v1/userfiles/images/vm_13_logo.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Заслаўе. Панарама з Дзехнаўскай гары
Разам з мастаком Алеся Марачкіным, пісьменнікам Уладзімірам Караткевічам і археолагам Міхасём Чарняўскім ён быў сярод дысідэнтаў кола беларускай інтэлігенцыі «На Паддашку» і сябраў незалежнай суполкі мастакоў «Пагоня».
Рэканструяваў партрэты слынных постацяў нацыянальнай гісторыі і культуры, у тым ліку Уладзіслава Сыракомлі, Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча і ягонай дачкі Камілы, бацькоў Якуба Коласа і Янкі Купалы. Стварыў асобную галерэю твораў, прысвечаных нацыянальнаму герою Беларусі Кастусю Каліноўскаму.
![vm_18_logo.jpg vm_18_logo.jpg](/img/v1/userfiles/images/vm_18_logo.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Сымон Будны. Партрэт-рэканструкцыя.
У выніку плённага супрацоўніцтва з паэтам Алесем Разанавым нарадзілася некалькі праектаў, у тым ліку серыі «Яйкаквадраты» , «Ісвы» і «Функцыянальныя кантэксты». Прычым, малюнкі з «Яйкаквадратаў» ляглі ў аснову мастацкага афармлення апошніх кніг Алеся Разанава.
![vm_21_logo.jpg vm_21_logo.jpg](/img/v1/userfiles/images/vm_21_logo.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Куратар выставы Таццяна Гаранская
Разам з жонкай, мастацвазнаўцай Таццянай Гаранскай у 2001 годзе стварылі у Мінску арт-кавярню «Добрыя мыслі», дзе за 12 гадоў было праведзена больш за 300 выстаў творчасці беларускіх мастакоў, збудавалі Заслаўскую царкву «Сабор усіх беларускіх святых», асвечаную ў 2013 годзе, правялі ў горадзе шэраг гістарычна-мастацкіх выстаў, дзе рэканструявалі і аднавілі выявы і вобразы тысячагадовай мясцовай даўніны, у 2002 годзе заснавалі ў Заслаўі творчае грамадскае аб’яднанне «Мастак», якое 11 гадоў узначальваў Віктар Маркавец, а цяпер — ягоная жонка. Дачка Віктара Маркаўца — Таццяна — мастак у галіне выцінанкі і саломапляцення, мастацвазнаўца.
Як адзначыла Таццяна Гаранская, у творах — прысвячэннях Заслаўю аўтар адлюстраваў сціплыя прыкметы мінуўшчыны: археалагічныя артэфакты і помнікі дойлідства, фальклор і народнае
мастацтва.
Шмат год мастак хадзіў па Заслаўю, углядаўся ў ягоныя помнікі, прыслухоўваўся да дыхання старога места, любаваўся пластыкай ландшафтаў.
![vm_14_logo.jpg vm_14_logo.jpg](/img/v1/userfiles/images/vm_14_logo.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Заслаўскі касцёл у імя нараджэння найсвяцейшай панны Марыі.
З камерных сюжэтаў і манументальных панарамаў жывапісца, напоўненых святлом і паветрам, паўстаюць рамантычныя і прывабныя краявіды з старажытнымі курганамі, гарадзішчамі, рэчкамі і дрэвамі, помнікамі дойлідства, а таксама выразныя вобразы постацяў беларускай мінуўшчыны.
Спасцігнуць мінулае — гэта вельмі няпроста. Для гэтага Віктару Маркаўцу спатрэбіліся сталасць і мужнасць, вера і любоў, падкрэсліла мастацтвазнаўца.
![vm_20_logo.jpg vm_20_logo.jpg](/img/v1/userfiles/images/vm_20_logo.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Сябры, паплечнікі і сваякі Віктара Маркаўца
На завяршэнне сустрэчы яе ўдзельнікі выказалі вялікую ўдзячнасць Таццяне Гаранскай за ўсё тое, што яна робіць дзеля ўшанавання памяці Віктара Маркаўца.
![vm_15_logo.jpg vm_15_logo.jpg](/img/v1/userfiles/images/vm_15_logo.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Цішыня гісторыі
![vm_9_logo.jpg vm_9_logo.jpg](/img/v1/userfiles/images/vm_9_logo.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
На доле. Звон