Рыхтуецца да друку кніга рукапісаў Рыгора Барадуліна

Глеб Лабадзенка паведаміў на сваім блогу пра чарговую неблагую задуму — кнігу рукапісаў (!) Рыгора Барадуліна.



get_imgcaeiz2zm.jpg

“Цягам апошняга месяца я адсканаваў некалькі соцень вершаў дзядзькі Рыгора з нататнікаў і сшыткаў. З іх будзе выбраная прыкладна сотня. Кніга мусіць выйсці падобнай па форме да “дзіцячай заМовы” — ніводнай друкаванай літары, усё ад пачатку да канца — рукою дзядзькі Рыгора. Магчыма, таксама на спружыне.

budzma.org__wp_content_uplo_a48f2842df8570fae1f29c00ffece3ba.jpeg

У кнігу ўвойдуць рукапісы за 61 (!) год — ад рукапіса верша 1952 году да самых свежых твораў году 2013-га. Почырк дзядзькі Рыгора — сам па сабе як фірмовы знак. Рукапісы дужа разборлівыя, можна лёгка чытаць, не спыняючыся. Сярод чыставых рукапісаў, трапляюцца таксама тыя, дзе можна прасачыць працу паэта над словам.

Прыкметна, што прыкладна палову кнігі складуць менавіта вершы апошніх гадоў – 2011–2013. Некаторыя з іх яшчэ нідзе не друкаваліся. Таксама ў кнігу плануецца ўключыць непублікаваныя раней здымкі.

Такой кнігі, здаецца, яшчэ не было ў найноўшай беларускай літаратуры (папраўце, калі памыляюся). І — вядома — першая такая кніга павінна выйсці ў Рыгора Барадуліна!

Працэс падрыхтоўкі кнігі можа заняць некалькі месяцаў, аднак ужо сёння на яе можна падпісацца, выслаўшы замову на labadzenka@gmail.com

у замове абавязкова пазначце:

  1. імя і прозвішча

 

  1. колькасць асобнікаў

 

  1. хатні адрас (толькі для тых, хто ня зь Менску – і трэба будзе высылаць поштаю)

 

  1. мэйл (калі ласка, упішыце яго сюды, а не проста “гэты, з якога пішу”)

 

  1. тэлефон для сувязі (на ўсялякі выпадак).

 

Колькі будзе каштаваць кніга? пакуль невядома, бо яшчэ няма макету і паліграфічнага вырашэння. У кожным разе, будзе знойдзены варыянт, каб кошт быў адэкватны. Аднак кожны з вас можа ахвяраваць на кнігу колькі заўгодна грошай — бо прыбытак ад кнігі будзе перададзены ў якасці дапамогі Рыгору Барадуліну.

Навошта падпісвацца загадзя? Галоўным чынам — каб было зразумела, які рабіць наклад. Па-другое, каб атрымаць кнігу са зніжкай.

Тыя, хто падпісаўся на “дзіцячую заМову” атрымалі кнігу за 40 тысяч. У кнігарнях яна цяпер стаіць па 100-110”.

Блог Глеба Лабадзенкі

budzma.org