Рыта Дакота заспявала свой хіт па-беларуску
Папулярная ў Расіі спявачка беларускага паходжання Рыта Дакота выклала ў Інстаграм відэа, дзе спявае свой хіт «Спички» на беларускай мове і запрашае на канцэрт у Мінску, які адбудзецца 17 снежня ў Prime Hall.

«Любімая Беларусь, любімы Мінск! Я вельмі хутка да вас прыеду», – кажа яна напрыканцы відэа, анансуючы выступ, дзе прагучаць лепшыя песні і новыя хіты. У самім посце спявачка з гумарам назвала сябе «бульбай», пад ім зараз ідзе актыўнае абмеркаванне.
Першапачаткова беларуская версія песні была створана ў 2009 годзе для праекта «Тузін. Перазагрузка». Пераклад зрабіў паэт Глеб Лабадзенка.
Рыта Дакота заявіла пра сябе ў межах тэлевізійнага праекта «Фабрыка зорак – 7», пасля развіўшы поспех у якасці самастойнай артысткі і папулярнага сонграйтэра. Першы сольны канцэрт спявачкі ў Мінску год таму прайшоў з аншлагам.
Паводле прэс-рэлізу