Рыжскі тэатр пасмяяўся ў Мінску з Лукашэнкі
У рамках Міжнароднага форуму тэатральнага мастацтва «Тэарт» Новы Рыжскі тэатр на сцэне ДК МАЗ паказаў беларускім гледачам спектакль «Доўгае жыццё».
Сцэна са спектакля
У 1998 г. гэты спектакль стаў сапраўдным адкрыццём — «так проста, вытанчана, весела і сумна распавядаў яго рэжысёр Алвіс Херманіс аб згубленым савецкім свеце, аб настальгіі
тых, хто назаўсёды застаўся ў цягніку сваёй памяці, што едзе на ўсход».
У аснове спектакля няма літаратурнага твора. Глядач нібыта падглядае ў замочную адтуліну. Дзеянні адбываюцца ў камуналцы, дзе жывуць старыя.
Жонка аднаго з герояў сыходзіць у магазін, і мужчына ратуецца ад самоты — уключае старэнькі тэлевізар. Адсутнасць карцінкі не перашкаджае скрыні працаваць у рэжыме радыё.
Дзед пераключае каналы і — вуаля! — тэлевізар раптам прамаўляе голасам Лукашэнкі. Зала выбухае смехам.
Седзячы ў пятым шэрагу, я дарэмна спрабавала пачуць хоць слова з прамовы нязменнага кіраўніка краіны. Смех заглушаў дыктатара. Здаецца, пасля некалькіх спробаў старому ўдалося пераключыць
канал.
Спектакль паказалі на наступны дзень пасля рэкорду Лукашэнкі — прэс-канферэнцыі расійскім СМІ, якая доўжылася пяць з паловай гадзін.
Сотні сцэн у гэтым спектаклі прыдумалі самі акцёры, і Лукашэнка ў тэлевізары — адна з іх. Мяркуючы па рэакцыі залы, беларускія гледачы імправізацыю ацанілі.
gazetaby.com