“Самазабойца” высмейвае сістэму ўлады

У Слонімскім драматычным тэатры адбылася прэм’ера спектакля па п’есе рускага драматурга Мікалая Эрдмана “Самазабойца” ў пастаноўцы галоўнага рэжысёра тэатра Васіля Сяўца. 



П’еса, як і спектакль “Самазабойца”, — гэта твор пра свабоду асобы, гэта бунт “маленькага” чалавека супраць вялікага механізму ціску, супраць знішчэння жыватворных магчымасцей чалавека. Эрдман некалі быў адзіным сатырыкам у савецкай драматургіі, які высмеяў сістэму ўлады, а не асобныя чалавечыя недахопы.

Камічная і трагічная п’еса Эрдмана пра чалавека, які не знаходзіць сабе месца ў жыцці да таго часу, пакуль не вырашыў з жыццём развітацца. Гэтым чалавекам з’яўляецца Сямён Сямёнавіч Падсякальнікаў, ролю якога выдатна выканаў вядучы майстар сцэны тэатра Уладзімір Навумік.

p4090113_logo.jpg

Сямён Сямёнавіч — звычайны чалавек, даволі апалітычны і беспрацоўны. Але Сямён Падсякальнікаў усяго за некалькі гадзін можа ператварыцца ў “героя свайго часу”. Для гэтага яму трэба толькі… застрэліцца! Але найперш ён павінен напісаць перадсмяротную запіску, у якой паведаміць тое, што папросяць, як прычыну самазабойства. Жадаючых увайсці ў гісторыю з дапамогай гэтай запіскі — даволі шмат, яны ўжо сталі ў чаргу, але ёсць маленькія абставіны — Сямён вельмі хоча жыць. Адначасова яму становіцца зразумела, што ён не проста хоча жыць, але і зусім не хоча паміраць за ідэю, а тым больш, за чужую.

p4100186_logo.jpg

Ёсць у спектаклі і цікавая роля Арыстарха Дамінікавіча Град-Скубіка, ролю якую ўдала выканаў артыст тэатра Сяргей Яўменаў. Ён просіць Сямёна Сямёнавіча застрэліцца ад імя інтэлігенцыі, якая пастаянна маўчыць, таму што яе застаўляюць маўчаць, а мёртвага маўчаць не заставіш. І тады выстрал Падсякальнікава разбудзіць усю краіну, яго партрэт надрукуюць усе газеты і наладзяць яму грандыёзныя паховіны.

Наогул, у спектаклі “Самазабойца” занята ўся акцёрская трупа: ад вядучых майстроў сцэны да маладых артыстаў. Іскрамётны гумар  эрдманаўскай п’есы, памножаны на высокаякасную гульню кожнага артыста, узрывае смехам глядзельную залу і не пакідае гледачоў раўнадушнымі.

p4090131_logo.jpg

Спектакль “Самазабойца” выглядае ў пастаноўцы рэжысёра Слонімскага драмтэатра Васіля Сяўца даволі сэнсавым, трагічным і ў той жа час смешным. Паглядзеўшы спектакль, мы доўга будзем думаць пра месца грамадзяніна ў грамадстве, а таксама аб узаемаадносінах сістэмы ўлады і асобы, і пра тое, ад каго з гэтых двух супрацьборствуючых бакоў у большай ступені залежыць магчымасць чалавека быць Чалавекам, прычым шчаслівым.

.

Фота аўтара