«Shaman Jungle» прэзентаваў альбом «Amazing» (фота, відэа)

У мінскім паб-клубе «Бруге» 11 сакавіка гурт «Shaman Jungle» прэзентаваў свой трэці альбом «Amazing».

img_1165_logo.jpg


Канцэрт распачаўся інструментальным сэтам ад сябра гурта, гітарыста Андрэя Апановіча. Наведвальнікі былі вельмі кантактныя. Складалася адчуванне, што шмат хто ў залі ведае адно аднаго і музыкаў. Апошнія, у сваю чаргу, гулялі па танцполе замест таго, каб медытаваць у грымёрцы да пачатку канцэрту і ў перапынку, як я чакала, арыентуючыся на назву гурта.

«Музыка павінна дыхаць» — казаў са сцэны бубнач «Shaman Jungle». І распавёў, як гурт запісаў альбом «Amazing», пасяліўшыся на хутары. І паабяцаў, што хутка будзе відэа з бэкстэйджу стварэння альбома. А пакуль што ў сеціве можна паглядзець кліп на песню «Nagavor».


Галоўную ролю ў ім выканала вакалістка і клавішніца «Shaman Jungle», што ў такім жа, як і ў кліпе, амплуа і выступала ў «Бруге». Сцэнічныя касцюмы гурта адсылаюць кудысьці на Усход і ў той жа час да нейкага кшталту фэнтэзі-этна. Дарэчы, стыль сваёй музыкі «Shaman Jungle» вызначае як heavy ethno-fusion і world music. Каб патлумачыць, што яны граюць тым, хто іх ніколі не чуў, я б сказала «падобна да расейскіх «Theodor Bastard». І не ў мяне адной такія асацыяцыі.

Але «Shaman Jungle» усё ж тутэйшы, беларускі, гурт. І няхай у іх пакуль што толькі адна беларускамоўная песня і ніводнага інструмента, які б асацыяваўся з беларускай традыцыйнай культурай, штосьці мне падказвае: усё наперадзе.



На канцэрце песню «Nagavor» пераасэнсавалі дзяўчаты з этнастудыі «Кетры», паказаўшы перфоманс з усходнімі танцамі, але ў кашульках з моднымі цяпер вышыванымі матывамі.


«Shaman Jungle» разам з Андрэем Апановічам плануюць наступны сумесны канцэрт 23 сакавіка ў мінскім бары «Графіці».