Слонімскую сінагогу зноў выставілі на продаж. Па зніжаным кошце
Чарговы аўкцыён па продажы сінагогі ў Слоніме адбудзецца
19 кастрычніка. Гэта другая за тры месяцы спроба прадаць будынак. Кошт
знізілі ўдвая, перадае hrodna.life
Пачатковая цана лота складае 61 650 рублёў, піша «Слонімская газета» са спасылкай на Слонімскі райвыканкам. На першых таргах 15 чэрвеня сінагогу прадавалі за 137
тысяч рублёў. На той момант гэта складала каля 50 тысяч еўра, за такую
суму можна было купіць недабудаваны катэдж у гродзенскім мікрараёне
Зарыца. Аўкцыён не адбыўся, бо ахвотных купіць сінагогу не знайшлося.
Выкупіць сінагогу планаваў лонданскі Фонд яўрэйскай спадчыны. Раней прадстаўнікі гэтай арганізацыі ўнеслі сінагогу ў Слоніме ў спіс самых значных аб’ектаўяўрэйскай сусветнай спадчыны, якім патрэбна дапамога.
Згодна з умовамі продажу, пакупнік павінен распрацаваць праектную дакументацыю на правядзенне рэканструкцыі або капітальнага рамонту аб’екта на працягу 2 гадоў з дня заключэння дагавора куплі-продажу. Рэканструкцыя ці капітальны рамонт павінен быць праведзены з захаваннем мастацкіх, стылістычных і канструктыўных асаблівасцяў будынка. Аб’ект павінен быць уведзены ў эксплуатацыю не пазней за 5 гадоў з дня заключэння дагавора куплі-продажу.
Слонімская сінагога — помнік барочнай архітэктуры — была пабудавана ў 1642 годзе. Яна ўключана ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў Беларусі. У 1881 годзе будынак моцна пацярпеў падчас вялікага пажару, але быў адбудаваны на ахвяраванні гараджан. Дзейнічаў да 1940 года. Пасля Другой сусветнай вайны тут размяшчаўся склад і гандлёвыя памяшкання. Унутры захавалася частка рэльефаў і роспісаў. Будынак пустуе з 1990-х гадоў.
Зараз сінагога знаходзіцца ў не вельмі добрым стане: па сценах ідуць глыбокія расколіны, раней ўнутраную прастору залівала дажджамі, вокнаў няма, тынкоўка абсыпаецца.
У 2018 годзе Фонд габрэйскай спадчыны фінансаваў работы
па абследаванні сінагогі, а таксама аплаціў рамонт даху і ўстаноўку
спецыяльнага абсталявання для кантролю за зменамі канструкцыі будынка.