Спяваем палескія песні ў Мінску!
25 лістапада ўсе жадаючыя запрашаюцца спяваць палескія песні разам з аўтэнтычным калектывам «Чабатухі». «Палескі «Спеўны сход», у якім прыме ўдзел гэты фальклорны гурт з піншчыны, заспявае ў прасторы «Хто такі Джон Голт?»
“Асаблівасць палескіх песень заключаецца ў іх маляўнічасці, тэмбральнай насычанасці і першабытнай энергетыцы. З дапамогай такіх песен нашыя продкі падпарадкоўвалі сабе стыхіі: агонь, ваду, вецер, зямлю, – лічыць этна-спявачка і сябар “Спеўнага сходу” Ірэна Катвіцкая. – Палеская песня з яе глыбокімі прабеларускімі дыялектамі ачышчае душу і самой спявачкі, і слухачоў і пагружае ўсіх ў стан непадробнай самабытнасці”.
Гурт “Чабатухі”, які дапаможа нам пагрузіцца палескую самабытнасць, вядомы не толькі на радзіме. Польша, Літва, Расія – амаль усе суседзі нашай краіны на геаграфічнай мапе чулі галасы гэтых унікальных бабуль. На “Палескім “Спеўным сходзе” і мы зачаруемся іх галасамі. І, канешне ж, як у нас заведзена, будзем спяваць песні разам. І на гадзіну майстар-класа ператворымся ў сапраўдных палешукоў.
Прыходзьце 25 лістапада: прастора “Хто такі Джон Голт?”, вул. Шорная, 20, памяшканне 1Н (цокальны паверх), Мінск.Пачатак а 19.00.Уваход вольны!
“Спеўны сход” увесну 2014 года распачалі Аляксей Чубат і Сяргей Доўгушаў. На “Спеўным сходзе” можа спяваць кожны чалавек. Праект дапамагае захоўваць і папулярызаваць нематэрыяльную культурную спадчыну Беларусі.