«Старонкі з дзённіка і не толькі…» Аляксей Марачкін прадставіў новую кнігу

«Ад Магніта-Балабуя да Готланда» — так называецца новая кніга Аляксея Марачкіна, якую ён прадставіў на XXVI Мінскім міжнародным кніжным кірмашы. На старонках пераплеценыя ўспаміны дзяцінства ды юнацтва з дзённікавымі запісамі са шведскага горада Вісбы, куды аўтар ездзіў у творчую рэзідэнцыю пасля аперацыі на сэрцы.

img_20190209_164339__2__logo.jpg


Героі прозы — рэальныя людзі з малой радзімы Марачкіна — вёскі Новая Слабада (былая Папоўшчына) Чэрыкаўскага раёна Магілёўскай вобласці.

«Вельмі добра, што Алеся Марачкіна адкапалі ў снезе, расцерлі самагонам, і ён застаўся жывы і піша такія цудоўныя творы! Гісторыю свайго выратавання ды іншыя біяграфічныя факты Алесь Мара расказвае ў сваёй новай кнізе. Мне падабаецца яе лёгкая, жывая мова. Кніга вельмі каляровая і мастацкая. Бачна, што пісаў і паэт, і мастак. З тэкстаў зразумела, што іх аўтар — вялікі рамантык», — падзяліўся ўражаннямі выдавец Зміцер Вішнёў.

Кніга аздоблена графічнымі замалёўкамі, зробленымі ў розныя гады. А на вокладцы — карціна мастака, створаная ім задоўга да творчай паездкі ў Швецыю.


vokladka_mara_logo.jpg


«Сімвалічны карабель праплывае нібыта каля вострава Готланд. І звярніце ўвагу на баранчыка ўнізе вокладкі! Пра яго Алесь Мара напісаў асобна, на 85-й старонцы. Нейкая містычная з’ява атрымліваецца: бацька намаляваў сваё падарожжа мо з дзясятак год таму, нібыта прадбачыў!» — расказаў Ігар Марачкін, адказны за вёрстку і дызайн кнігі.


img_20190209_164322__2__logo.jpg


У кнізе можна прачытаць незвычайныя аповеды. Аляксей Марачкін расказвае пра свайго дзядулю Андрэя па мянушцы Магніт-Балабуй. Той, нібыта магніт, прыцягваў людзей сваёй здольнасцю лекаваць замовамі і рабіць цуды.

Кніга Алеся Мары «Ад Магніта-Балабуя да Готланда» мае наклад усяго 150 экзэмпляраў. Спяшайцеся набыць яе ў кнігарні «Галіяфы»!