«Стэндап кавярня» — беларускамоўнае гумарыстычнае шоў

Стэндап — адзін з найпапулярнейшых гумарыстычных жанраў у свеце, цяпер загучыць у Мінску і па-беларуску. 18 лютага праект «Stand-up Pro» пры падтрымцы «Арт Сядзібы» запрашае на новае беларускамоўнае шоў «Стэндап Кавярня».



standup_kaviarnia.jpg

Стэндап-шоў, у якім комікі ўздымаюць любога плану праблемы і вырашае іх гумарам, ужо стаў звыклай з’явай для нашай краіны. Ужо год у Мінску існуе і паспяхова развіваецца праект «Stand-up Pro», які аб’ядноўвае найбольш таленавітыя і працавітыя стэндапераў нашай краіны.

Цяпер айчынныя майстры размоўнага жанру вырашылі прадэманстраваць, што глядзець на праблемы з гумарам можна і па-беларуску!


Кажа Яўген Свірыдовіч, арганізатар «Стэндап Кавярні»:
— Яшчэ два гады таму мы нават не маглі сабе ўявіць ні тое, што будзем рабіць беларускамоўнае стэндап-шоў, а, наогул, проста стэндап-шоў. Амаль усе, хто зараз у нас займаецца стэндапам, гулялі ці працягваюць гуляць у КВЗ. Хтосьці з нас паглядзеў у інтэрнэце канцэрты заходніх комікаў і захацеў выступіць у гэтым жанры, камусьці проста стала нецікава ў КВЗ.
У рэшце рэшт, сфармавалася група людзей, якія хацелі паспрабаваць сябе ў стэндапе, але не было дзе. Таму мы вырашылі зрабіць свой праект. На першым мерапрыемстве было 7 удзельнікаў і дзесьці 20 гледачоў. Але гэта ўсім спадабалася і вельмі хуткімі тэмпамі пайшоў рост як колькасці гледачоў, так і колькасці выступоўцаў. Зараз на нашыя канцэрты нават у буднія дні прыходзіць больш за 200 чалавек, а многія з нашых стэндапераў паспяхова ўдзельнічаюць у розных гумарыстычных шоу на ТНТ.
Cтэндап, як і ўсё навокал, развіваецца па спіралі: зараз сфармавалася група людзей, якія хацелі б жартаваць на беларускай мове. І нам самім цікава, што з гэтага атрымаецца праз год.

Такім чынам, у аўторак, 18 лютага, у стэйк-хаўсе «Newman» (вул. Няміга, 36) стэндап-комікі з Мінска, Брэста, Гомеля, Жодзіна і Слуцка будуць радаваць вас сваімі жартамі на першым беларускамоўным гумарыстычным шоў «Стэндап Кавярня». Прыходзьце самі і прыводзьце сваіх сяброў!


Пачатак у 20.00. Уваход на першае мерапрыемства вырашана зрабіць вольным. Усе падрабязнасці на старонцы мерапрыемства.

artsiadziba.by