Сто беларускіх легенд і паданняў
З друку выйшла кніга беларускага празаіка Уладзіміра Ягоўдзіка «Сіні калодзеж».
У кнігу ўвайшлі сто беларускіх легенд і паданняў, якія сабраў, пераказаў, апрацаваў Уладзімір Ягоўдзік. У кнізе, як піша аўтар, «няма золата-срэбра, а толькі алмазы», якія рупліва
некалі збіралі фалькларысты Раманаў, Федароўскі, Шэйн, Кіркор, Сержпутоўскі, Шпілеўскі, Ластоўскі, Сахараў і многія іншыя. «Я адважыўся гэтыя народныя алмазы адшліфаваць у брыльянты, але мае
брыльянты чамусьці ператварыліся ў ледзяшы, зашморгалі насамі і наплакалі лужыны», — прызнаецца аўтар.
Ад роспачы сам пісьменнік ледзь не расплакаўся слязамі, як гэта зрабіў князь Рыдан і яго сыны Дняпро і Сож. Але ў апошні момант перадумаў, паехаў на Магілёўшчыну, да святога Сіняга калодзежа, каб прамыць вочы. Спыніўся на зялёным беражку і ўбачыў перад сабой зорны карагод. Не разгубіўся аўтар, зачарпнуў крынічнай вады, а заадно — паўнюткае вядро зорак. Сам удосталь напіўся і прынёс нам, чытачам. Прынёс, каб мы частаваліся. І той, хто прачытае сто беларускіх легенд і паданняў Уладзіміра Ягоўдзіка, сапраўды нап’ецца святой зорнай вады з Сіняга калодзежа.
Кніга вельмі прыгожа аформлена. Дызайн выдання зрабіла дачка пісьменніка Вера, а ілюстрацыі намалявала другая дачка аўтара Юлія. Наклад кнігі — 3 тысячы асобнікаў.