Сумесны канцэрт Алеся Чумакова і гурта PAWA

Гурт PAWA і Алесь Чумакоў рыхтуюць для прыхільнікаў адмысловы сюрпрыз! Сумесны канцэрт беларускага гусляра Алеся Чумакова («Стары Ольса», «Ceilidh Ceol») і электроннага этна-фолк гурта PAWA адбудзецца на пляцоўцы менскага клуба «Бруге» 30 мая. Спецыяльны госць мерапрыемства — гурт «Апошні Шылінг».

pawa_4_1.jpg


Канцэрт будзе складацца з дзвюх тэматычных частак.
Пад час першай часткі адбудзецца выступ Алеся Чумакова. У межах выступа пройдзе прэзентацыя альбома «Праўда ў віне», а таксама прагучаць сусветныя і айчынныя музычныя хіты на гуслях і ірландскія карчомныя песні ў адмысловай беларускай імправізацыі. Спецыяльны госць дадзенай часткі мерапрыемства — гурт «Апошні Шылінг», які зайграе адмысловую праграму, якая ўключае як вядомыя «стандарты» ірландскай і шатландскай музычных традыцый, так і шэраг аўтарскіх кампазіцый.

pava_i_ales_czumakou.jpg


Алесь Чумакоў — беларускі майстар-гусляр, вядомы шырокай публіцы як музыка гурта «Стары Ольса» і лідар праекта Ceilidh Ceol. Пазнавальны вакаліст і інструменталіст, спадар Чумакоў паспяхова адкрыў сябе ў сольнай творчасці і праз удалую апрацоўку сярэднявечных беларускіх народных баладаў і ваярскіх песень працягнуў адраджэнне і сучаснае ўдасканальванне старажытнай традыцыі гуслярства.
У межах другой часткі канцэрта выступіць электронны этна-фолк гурт PAWA.

Гурт PAWA выконвае традыцыйную беларускую і еўрапейскую музыку, але робіць гэта нязвыклым чынам. У музычным арсенале калектыва сярэднявечныя інструменты, такія як дуда, жалейка, дудкі і скрыпка, суседнічаюць з драм-машынамі, сінтэзатарамі і электрагітарай. У сваім рэпертуары PAWA выкарыстоўваюць аўтэнтычны матэрыял, сабраны на тэрыторыі сучаснай Беларусі і суседскіх тэрыторый заходняй Еўропы. Выступ PAWA — гэта выдатная магчымасць навучыцца беларускім танцам і песням і напітацца шалёнай энэргетыкай і пазітывам, якія месцяцца на падмурку векавых традыцый!
Гурт PAWA спалучае ў сваёй творчасці мінулыя стагоддзі і сучаснасць, непаўторную эстэтыку славянскай традыцыі і цяжкі сінтэтычны гук сучаснага мегаполіса. Напрацягу творчага шляху PAWA неаднаразова вылучаліся незвычайнымі, драйвовымі праектамі. Так, напрыклад, у мінулым годзе напярэдадні вялікага юбілейнага канцэрта гурта «Кіпелаў» разам з опернымі спевакамі Іллёй Сільчуковым і Вольгай Вашкевіч PAWA запісалі беларускі кавер на песню «Я свободен» — адну з самых вядомых кампазіцый Валерыя Кіпелава.


 Таксама гурт PAWA адзначыўся запамінальным выступам на пляцоўцы «Мінск-Арэна» ў падтрымку хакейнага клуба «Дынама-Мінск».